За мінулы год ад туберкулёзу ў Беларусі памерла 208 чалавек



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч.

– У 2019 годзе ў нас выяўлена 1 759 пацыентаў з сухотамі. Гэта на 155 чалавек менш, чым у папярэдні год. Увогуле на ўліку ў дыспансерах крыху больш за тры тысячы  пацыентаў знаходзяцца з актыўнымі формамі туберкулёзу. 208 пацыентаў памерла цягам года.

Штодня ў свеце ад туберкулёзу ці сухотаў (так часцей называлі гэтую хваробу ў мінулым у Беларусі) памірае больш 4 тысячы чалавек, захворваюць – каля 30 тысяч.

У Беларусі засяродзяцца на выяўленні латэнтнага туберкулёзу, паведаміў каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па інфекцыйных захворваннях офіса САЗ у Беларусі Вячаслаў Гранькоў.

– Існуе так званы латэнтны туберкулёз у значнай колькасці насельніцтва, калі мікабактэрыя туберкулёзу знаходзіцца ў неактыўным стане, але пры неспрыяльных умовах яны могуць рэактывізавацца, і ўзнікне актыўны туберкулёз. Для асобных катэгорый груп рызыкі гэта вельмі небяспечна. Мы будзем актывізаваць працу па выяўленні латэнтнага туберкулёзу ў груп рызыкі з выкарыстаннем самых сучасных метадаў дыягностыкі.

У свеце ў 2018 годзе туберкулёзам захварэлі 10 мільёнаў чалавек, паўтара мільёна – памерлі. 

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя