Блогер MozgON асуджаны на 15 сутак



Блогер Уладзімір Цыгановіч, які вядзе youtube-канал MozgOn, завочна быў асуджаны на 15 сутак арышту за заклікі ў інтэрнэце да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Гутарка ідзе пра сустрэчу-мітынг каля будынку “Белнафтахіму” у Менску, якая прайшла 25 лютага. Напярэдадні Уладзімір Цыгановіч заклікаў прыйсці туды ўсіх, каго непакоіць пастаяннае падвышэнне коштаў на паліва, і задаць пытанні на гэты конт кіраўніцтву канцэрна, што ў выніку атрымалася. На сустрэчу прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек.

Як стала вядома праваабаронцам, неўзабаве блогер атрымаў пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён 24 лютага ў сваім тэлеграм-канале заклікаў людзей прыйсці да “Белнафтахіму” без дазволу Мінгарвыканкаму. Суд па гэтай справе прызначылі на 12 сакавіка. 

Калі паплечнікі Уладзіміра прыйшлі ў суд Маскоўскага раёна Менска, дзе мусіў адбыцца разгляд справы, то даведаліся, што на той дзень былі прызначаны ажно два адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да блогера. Прычым адзін, які вяла суддзя Таццяна Мотыль, ужо скончыўся. Як удакладніў “Вясне” аўтар каналу “ДримДим”, першы суд хутчэй за ўсё датычыўся заклікаў да іншай акцыі – на МКАД. Але вынікі гэтага суда пакуль засталіся невядомымі.

Другі суд – за “Белнафтахім” – прайшоў вельмі хутка. Суддзя Лідзія Целіца прыняла рашэнне пакараць Уладзіміра Цыгановіча арыштам на 15 сутак. Тэрмін арышту будзе лічыцца з моманту затрымання.

Такім чынам пераслед блогераў за ўдзел ці асвятленне мірных сходаў у Беларусі працягваецца. Нагадаем, што ў снежні 2019 года і ў студзені 2020-га шэраг блогераў пакараныя штрафамі і суткамі за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Напрыклад, блогер Сяргей Ціханоўскі („Краіна для жыцця”) агулам атрымаў 30 сутак арышту, а Зміцер Казлоў („Шэры кот”) – рэкордныя 120 сутак па выніках васьмі судоў.

spring96.org