Пра эмацыйны ўчынак лідара праймерыз 



Павел Севярынец адмовіўся ўдзельнічаць у вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі па формуле “праймерыз”. Сваё рашэнне палітык патлумачыў у разгорнутым паведамленні на сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Спрабуючы быць максімальна рацыянальным, сустаршыня БХД прыводзіць два аргументы. Па-першае, ён лічыць удзел у галасаванні немэтазгодным па прычыне масавай яўкі на апошнія сустрэчы прадстаўнікоў вертыкалі. Па-другое, ладзіць масавыя мерапрыемствы ў краіне падчас эпідэміі каронавіруса – умоўна разумныя дзеянні.

На першы погляд, дзеянні Паўла Севярынца вельмі прадуманыя і прагназаваныя. Сапраўды падчас паездак па Віцебскай вобласці, якая стаяла першай у чарзе для ўдзельнікаў праймерыз, кандыдат ад БХД упэўнена перамагаў на народных галасаваннях. Хай гэта былі нешматлюдныя сходы, якія звычайна былі прадстаўленыя мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі, але ў цэлым яны адлюстроўвалі сімпатыі апазіцыйнага электарату. Павел Севярынец са сваёй упэўненай рыторыкай місіянера паступова станавіўся асобай, вядомасць якой выходзіла за межы апазіцыйнага гета. Падазраю, што такі нечаканы эфект ад праймерыз, які крытыкаваўся з усіх бакоў, пачаў непакоіць не толькі ягоных канкурэнтаў з дэмакратычнага лагеру, але і ўладу. Адпаведна, пасля невялічкай паўзы, прадстаўнікі кіруючых элітаў вырашылі пайсці ў контратаку. Новая стратэгія ўладаў праявілася ў тым, што ўжо ў Берасцейскай вобласці на сустрэчы з апазіцыйнымі прэтэндэнтамі сталі прыходзіць арганізаваныя групы мясцовых актывістаў БРСМ, “Белай Русі” і ідэолагі. Яны прадказальна пачалі падтрымліваць старшыню Руха “За свабоду” Юрыя Губарэвіча. Стандартная схема “падзяляй і ўладарнічай”, вядомая яшчэ з часоў Старажытнага Рыму, спрацавала вельмі эфектыўна. Юрый Губарэвіч замест таго, каб прызнаць, што ў роднай для яго Берасцейшчыне лідарства яму забяспечыў дэсант вертыкалі, заявіў пра сваю перамогу. Маўляў, выхад на шырокія слаі грамадства паказаў запатрабаванасць ягоных ідэй. Аднак нават такія абставіны, хоць яны гралі супраць намераў Паўла Севярынца стаць адзіным кандыдатам, не з’яўляюцца падставай для дэмаршу. Прынамсі, аргументацыя пра “перамогу канкурэнтаў па змове” не выглядае пераканаўчай у вачах грамадства. Наадварот, паводле законаў жанру, удзел ідэолагаў у праймерыз падаграваў жарсці. Недзе на фінішы яны б ўсё адно складалі меншасць. І ўсё ўстала бы на свае месцы. Затое ўвагу СМІ і грамадства яны дакладна б прыцягнулі.

Што да каронавірусу, то вопытнаму палітыку варта было сказаць, што рашэнне аб няўдзеле абумоўленае найперш клопатам пра здароўе “залатога фонду” апазіцыі, які збіраецца на сустрэчы, нягледзячы ні на што.  Але гэты месыдж, на жаль, да масаў не дайшоў.

Увогуле сыход Паўла Севярынца з дыстанцыі пазбавіла якога-кольвек сэнсу далейшае правядзенне праймерыз. Цяпер ягоным удзельнікам можна спакоўваць чамаданы, сыходзіць на каранцін з чыстым сумленнем, а ўладам адкаркоўваць шампанскае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ