У Чырвоным касцёле будуць маліцца за выбаўленне ад каронавіруса



21 сакавіка ў менскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) пройдзе міжрэлігійная малітва за выбаўленне ад каронавіруса COVID-19, паведамляе сайт парафіі.

Супольная малітва адбудзецца ў 19.45, адразу ж пасля святой імшы. Паўдзельнічаць у ёй запрошаныя прадстаўнікі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, Лютэранскай царквы і іншых пратэстанцкіх дэнамінацый Беларусі, а таксама іўдзейскай і мусульманскай абшчын. Малітву ўзначаліць кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату — мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, на 18 сакавіка ў Беларусі зафіксаваны 51 выпадак каранавіруса COVID-19. „Дзевяць пацыентаў маюць клінічныя прыкметы інфекцыі COVID-19, то бок па сутнасці, з`яўляюцца хворымі. Таксама на кантролі знаходзяцца 37 пацыентаў са станоўчымі лабараторнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы”, — паведаміла прэс-служба міністэрства. З лякарняў выпісалі пяць пацыентаў, яшчэ тром праводзіцца паўторнае лабараторнае абследаванне, яны рыхтуюцца да выпіскі ў найбліжэйшы час.

Працягваецца медыцынскае назіранне за 1.960 грамадзянамі, якія прыбылі з непаспяховых краін, у дачыненні амаль да 2.700 двухтыднёвае медыцынскае назіранне завершанае.

belapan.by

Фота katolik.life