Украінцаў і беларусаў у Расеі прызналі „носьбітамі расейскай мовы”



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які прызнае ўкраінцаў і беларусаў носьбітамі расейскай мовы. Пра падпісанне закона паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Расеі.

Такім чынам, грамадзяне Украіны і Беларусі, якія свабодна валодаюць расейскай мовай, вызваляюцца ад здачы спецыяльнага экзамену на веданне мовы, які патрэбны для атрымання расейскага грамадзянства.

Парадак падачы ўкраінцамі і беларусамі заяў на прызнанне носьбітамі расейскай мовы будзе вызначаць Міністэрства ўнутраных спраў Расеі. Яно ж атрымае паўнамоцтвы па ўзгадненні з Мінадукацыі, вызначаць адзіны крытэр для прызнання замежнікаў носьбітамі расейскай мовы.

Адпаведны законапраект ужо прайшоў разгляд у двух палатах расейскага парламента. Дзярждума прыняла яго 5 сакавіка, а 11 сакавіка – падтрымаў Савет Федэрацыі.

Нагадаем, цяпер замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць быць прызнаныя носьбітамі расейскай мовы па выніках гутаркі, якую праводзіць профільная камісія. Такі статус дае права атрымаць грамадзянства РФ па спрошчанай працэдуры.

ukrinform.ru

Фота: kremlin.ru