У „Вялікім камені” пачата вытворчасць дыхальных масак



У кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень” пачата вытворчасць дыхальных масак, паведамляе прэс-служба парку.

„У сувязі з сітуацыяй з каронавірусам рэзідэнт індустрыяльнага парку „Вялікі камень” ТАА „Асамедыка” (вытворца медыцынскіх вырабаў шырокага асартыменту) асвоіў новую вытворчасць дыхальных масак і бактэрыяльна-вірусных фільтраў аднаразовага прымянення для дарослых, дзяцей і нованароджаных”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што гэтыя вырабы забяспечваюць максімальную абарону дыхання ад трапляння мікробаў і вірусаў. Эфектыўнасць фільтрацыі не ніжэйшая за 99,999%. Пры гэтым маскі можна выкарыстоўваць на працягу 12—24 гадзін.

ТАА „Асамедыка” — беларускі вытворца вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі, чыя прадукцыі вядомая не толькі ў Беларусі, але і на рынку Расеі, Казахстана і іншых краін СНД.

Прадпрыемства стала рэзiдэнтам індустрыяльнага парку „Вялікі камень” ў 2017 годзе.

belapan.by

Фота 360tv.ru