Дазвол падчас чумы



Гарадзенскія ўлады далі дазвол на правядзенне Дня Волі. Проста разгул дэмакратыі. Можна было б радавацца і пляскаць у далоні. Калі б не адно не. Каронавірус. Масавыя мерапрыемствы забараняюцца ва ўсіх краінах, якія вакол нас. Адмовіліся ад правядзення Дня Волі сёлета і самі арганізатары, непакоячыся за беларусаў. А тут гарадзенскія ўлады ўзялі ды і дазволілі. Прычым далі дазвол на правядзенне мерапрыемства, якое арганізатары адмянілі. І пра гэта, між іншым, паведамілі ўладам.

А ўвогуле неяк падазрона. Даць дазвол на мерапрыемства, якое косткай стаіць у горле  беларускіх уладаў і ад якога адмовіліся арганізатары. Яшчэ б хлеб-соль прапанавалі ўдзельнікам. Такое адчуванне, што гарадзенскія ўлады вельмі хацелі, каб усе актывісты, палітыкі, незалежныя журналісты і проста прыхільнікі пайшлі на масавае мерапрыемства ў разгар пандэміі. “Не хочаце ісці? Ды вы ідзіце, ідзіце. Мы дазваляем. У Беларусі ж эпідэміі няма. Усё пад кантролем. І трактар вам у дапамогу”. А самае цікавае, што дазвол далі на мерапрыемства, хоць гэты дазвол і не патрэбны. Бо Дзень Волі мусіў праходзіць у Каложскім парку – пляцоўцы, якая прызначаная ўладамі для правядзення мерапрыемства. То бок арганізатары нават дасылалі ўладам не запыт на дазвол, а проста паведамленне. Але гарадзенскія ўлады ўсё роўна далі дазвол на тое, што ў іх не прасілі і што вырашылі не праводзіць. Глядзіш, праз пару дзён гарадзенскія ўлады ўвогуле пачнуць заганяць актывістаў ды палітыкаў на Дзень Волі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ