Лукашэнка правёў нараду па эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі (абноўлена)



Лукашэнка заслухаў сёння даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

„Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла пандэмію. Аднак для Беларусі гэта не мае ніякага значэння, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што ў краіне і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі. 

Многія краіны зачынілі сваю тэрыторыю для замежнікаў. Так зрабілі і краіны-суседкі Беларусі. «Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта ўжо пацвярджаецца. Гэта ніяк не абароніць Расею. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём межаў, – заўважыў Лукашэнка. – Зараз у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дадому. Нам трэба прыняць усе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы ».

Ён таксама даручыў дапамагчы расіянам, якія затрымаліся ў Польшчы, вярнуцца на радзіму, , – паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі. „Гэта не справа, што нашыя браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расейскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Нагадаем, што паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне пацверджаны 51 выпадак каронавіруса, шэсць чалавек паправіліся.

* * * 

На даклад аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне ў Палац Незалежнасці прыехалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, паведамляе БелТА.  Таксама на мерапрыемства паклікалі прадстаўнікоў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Менскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

„Я запрасіў вас сёння, каб абмеркаваць эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Асабліва гэта важна ва ўмовах каронавіруснага псіхозу”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка растлумачыў, што яго больш за ўсё хвалюе ў сітуацыі з каронавірусам:

Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каронавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла. Абсалютна ўпэўнены, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду. Але мы жывём у канкрэтнай сітуацыі і, зразумела, павінны зыходзіць з той абстаноўкі, якая складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паводжу? Таму што я абсалютна ўпэўнены, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе.

На думку кіраўніка Беларусі, цывілізаваны свет страціў розум, а палітыкі пачалі ўжо выкарыстоўваць сітуацыю дзеля сваіх інтарэсаў.

У той жа час Лукашэнка адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дало магчымасць „узварухнуць” беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў. „Добра, што мы з савецкіх часоў захавалі гэту сістэму. А так мы людзей лечым, а што там з эпідэміялагічнай абстаноўкай? Гэты псіхоз прымусіў нас неяк узварухнуцца і ў гэтым напрамку папрацаваць”, – растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў наладзіць вытворчасць рэспіратараў. Ён адзначыў, што ў краіне хапае ахоўных касцюмаў, масак і сродкаў дэзінфекцыі. Аднак не наладжана вытворчасць рэспіратараў.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік спецыяльна прынёс на нараду гэты сродак абароны. Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу запатрабаваў перадаць гэты ўзор ва ўрад і даручыў за тыдзень наладзіць у Беларусі вытворчасць рэспіратараў.

„Выхваляемся ўсюды – IT-краіна, а гэтыя няшчасныя „наморднікі” не можам вырабіць. Каб за тыдзень ўрад прыняў рашэнне, дзе будзем вырабляць, – заявіў Лукашэнка. 

Фота БелТА