Матэуш Маравецкі: У нас атрымалася разгрузіць чэргі
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі на брыфінгу адзначыў, што чэргі на межах паволі разгружаюць:
– З учорашняга ў нас атрымалася, уводзячы адпаведныя працэдуры, змяняючы арганізацыю працы, разгрузіць чэргі на заходняй і паўдзённай межах – на мяжы з Чэхіяй і Славакіяй. Няма чэргаў грузавых аўтамабіляў, значна скараціліся чэргі на заходняй мяжы з Нямеччынай. Будзем рабіць усё, каб гэты рух адбываўся без перашкодаў.
Польскі прэм’ер лічыць, што закрыццё межаў з’яўляецца добрым спосабам перадухілення распаўсюду каронавірусу:
– Мы закрылі мяжу для замежнікаў, каб не дапускаць новых асобаў з каронавірусам. Мы ведаем, выразна гэта бачым пасля каранцінаў, што вельмі шмат асобаў прыбывала з-за мяжы і паводзіла сябе безадказна, разносіла каронавірус павялічваючы колькасць захворванняў.
Цяпер усе, хто вяртаецца ў Польшчу з-за мяжы, абавязкова павінен прайсці двухтыднёвы каранцін. За парушэнне рэжыму каранціну пагражае штраф 5000 злотых.
У Польшчы колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса – 305 чалавек, 5 смяротных. Закрытыя ўсе навучальныя ўстановы.
Беларускае Радыё Рацыя