Турыстычная галіна просіць падтрымкі дзяржавы з-за наступстваў пандэміі



Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі распрацаваў план рэагавання на крызісную сітуацыю, якая склалася ў гэтай галіне з-за сусветнага распаўсюду каронавірусу. Закрытыя межы, каранцін ва ўсіх краінах рэгіёну, самаізаляцыя айчынных турыстаў, падзенне заробкаў – усё гэта можа паставіць пад пагрозу існаванне турбізнесу ў Беларусі, лічаць у саюзе.

У плане рэагавання аднымі з галоўных захадаў пазначаныя кансультацыі на роўні профільных міністэрстваў з польскімі, літоўскімі і латвійскімі калегамі, кажа кіраўнік саюзу Філіп Гулы:

– Гэта нашы бліжэйшыя суседзі, у нас няма боязі адно да аднаго, мова, крэўныя, супольныя межы. Мы гэтыя краіны добра ведаем і яны нас добра ведаюць. У нас ёсць узаемныя турплыні, якія рэзка спыніліся, ад таго, што беларусы не едуць у Літву і Латвію, у Польшчу. У іх такія ж праблемы і цяжкасці. Значыць мы можам разам загадзя рыхтавацца да адкрыцця меж, каб гэты аднаўленчы перыяд, пасля адкрыцця, з нашымі суседзямі быў як мага меншы.

Кіраўнік філіялу „Белінтурыст” прадпрыемства „ЦэнтрКурорт” Аляксей Стрэльчанка лічыць, што без падтрымкі дзяржавы турыстычная галіна, у якой працуе не менш як 50.000 беларусаў, проста стане на калені:

– Мы ўжо напачатку лютага зразумелі, што ўсе нашы грандыёзныя праекты, на гэты год, адмяняюцца, турыстычныя ланцужкі адмяняюцца. Калі ўсё было спакойна ішло ранняе браніраванне. Праекты на гэты год на жаль згарнуліся. Задача наша зараз аператыўна прыняць рашэнне. Галіна такой, як была, яна не будзе, яна будзе іншай. З дапамагай дзяржавы мы хутчэй адновімся.

У плане таксама прапануецца стварыць прафесійную працоўную групу хуткага рэагавання, разгледзець пытанне падатковых вакацыяў для турбізнесу, зніжэння ставак арэнды і іншае.

Беларускае Радыё Рацыя