ФК «Слуцк» не атрымае спонсарскай дапамогі
ФК «Слуцк» атрымаў ад Слуцкага цукроварафінаднага камбіната ліст з паведамленнем, што ў бягучым сезоне спонсарская дапамога клубу не разлічаная. Гэта рашэнне назіральнага савета прадпрыемства. Бюджэт клуба на стартуючы сезон ужо сфармаваны на паперы, аднак цяпер могуць узнікнуць праблемы з яго напаўненнем. Па звестках pressball.by, нягледзячы на ўзніклыя цяжкасці, «Слуцк» стартуе ў чэмпіянаце Беларусі. Каманда байкатаваць гульні не плануе.
«Белшыне» забаронена рэгістраваць трансферы за даўгі, якія цягнуцца з 2016 года
Камітэт па статусе і пераходах гульцоў БФФ наклаў на «Белшыну» забарону на рэгістрацыю трансфераў. Прычынай сталі пазыкі за аргентынскага паўабаронцу Факунда Самар’яна, які апынуўся ў клубе яшчэ ў 2016 годзе. Гульца ў Бабруйску ўжо даўно няма. Тым не менш «Белшына» да гэтага часу разлічваецца за яго. Даўгі клуба складаюць каля 50 тысяч даляраў.
Фінальны этап Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе ў Менску перанесены
Вырашальны этап Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе ў Менску перанесены ў сувязі з каронавірусам. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце УЕФА. «Фінал чатырох» міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў з удзелам двух іспанскіх і двух расейскіх клубаў павінен быў прайсці на пляцоўцы «Менск-Арэны» з 24 па 26 красавіка. Згодна з лёсаваннем, паўфінальныя пары склалі: «Барселона» – КПРФ, «Мурсія» – «Цюмень». Па паведамленні УЕФА, інфармацыя пра абноўлены расклад турніру з’явіцца пазней.
Беларускія баксёры адправяцца на каранцін пасля прылёту з Лондана
Беларускія баксёры будуць на самаізаляцыі на працягу двух тыдняў пасля вяртання з кваліфікацыйнага алімпійскага турніру ў Лондане. У сувязі з небяспекай заражэння каронавірусам МАК прыняў рашэнне аб правядзенні алімпійскай еўракваліфікацыі без гледачоў, а 16 сакавіка турнір па боксе быў спынены. Плануецца, што ён працягнецца ў траўні. Акрамя таго, адкладзеныя амерыканскі і выніковы адборавыя турніры баксёраў.
Беларускае Радыё Рацыя