У Беларусі абнавілі пералік прадметаў формы ваеннаслужачых



Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 100 „Аб ваеннай форме адзення і знаках адрознення па воінскіх званнях ваеннаслужачых”. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакумент зацвярджае пералік прадметаў ваеннай формы адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл, органаў пагранічнай службы і дзяржаўнай бяспекі, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Службы бяспекі кіраўніка Беларусі, Аператыўна-аналітычнага цэнтра  і апісанне знакаў адрознення па воінскіх званнях.

Указам адменены ўстарэлыя (нязручныя для нашэння) і ўведзены новыя прадметы ваеннай формы, зменены мадэлі існуючых прадметаў адзення для пашырэння іх функцыянальнасці, забеспячэння зручнасці пры нашэнні з улікам спецыфікі задач, што выконваюцца ваеннаслужачымі.

Таксама ў дакуменце вызначаны парадак зацвярджэння апісання і правіл нашэння ваеннай формы, норм забеспячэння такімі прадметамі.

БелТА