20 сакавіка – гадавіна мітынгу ў абарону Высокага Места



20 сакавіка – гадавіна мітынгу ў абарону Высокага Места – гістарычнай часткі Менску, дзе планавалі пабудаваць станцыю метро «Няміга». 20 сакавіка 1988 года адбылося выступленне моладзевай арганізацыі «Талака», на плошчы Свабоды выступілі Сяргей Харэўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Костка, Зянон Пазьняк, Сяржук Вітушка, Кастусь Тарасаў і многія іншыя гісторыкі, мастацтвазнаўцы і сябры моладзевага нацыянальнага руху.

Адзін з удзельнікаў мітынгу мастак Мікола Купава кажа, што разам з расчараваннем ад тых падзей людзі атрымлівалі і штуршок для працягу барацьбы. Таму і зладзілі мітынг:

– Была абсалютная роспач, але была і энергія для дзеяння. Працягвалі гэты супраціў, каб перанесці пабудову станцыі. Прынамсі можна неяк парушаць тыя складзеныя трасы, каб выйсці непасрэдна з замка. Дзеля выратавання такіх скарбаў як старажытнае Замчышча можна ісці на розныя кампрамісы розным палітыкам і розным дзяржаўным дзеячам дзеля таго, каб дасягнуць гэтага. Гэтага не было зроблена.

У пазнейшыя гады праўладная газета «Советская Белоруссия» вінаваціла «Талаку» і іншых удзельнікаў мітынгу, што яны выступалі супраць прагрэсу, наогул супраць пабудовы другой лініі метро. Гэта аказалася прапагандысцкім прыёмам, разлічаным на тых, хто не памятае тыя часы.

Мікола Купава падкрэслівае, што інтэлігенцыя патрабавала адмовіцца ад пабудовы станцыі на Нямізе, а пракласці другую лінію падземкі праз раён вуліцы Якуба Коласа. У такім выпадку менскае Замчышча яшчэ можна было ўратаваць.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск