Барыс Хамайда: Беражыце сябе, дапамажыце захаваць нацыю



Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер упершыню за 23 гады вырашыў зрабіць перапынак у сваіх штодзённых выхадах да так званага “сіняга дома”. 

“У краіне няма легітымнай улады. Таму падчас эпідэміі каронавірусу я абвяшчаю каранцін у Віцебску  на 30 дзён” – гэта надпіс на плакаце, з якім Барыс Хамайда апошні раз выйшаў на сваё “працоўнае месца”.  Паколькі каранцін не абвешчаны афіцыйны, апазіцыянер вырашыў зрабіць гэта ад уласнага імя:

– Людзі пачалі хвалявацца, яны пытаюцца: “А дзе ўлады, чаму яны нам нічога не кажуць?” Якая ўлада? Тыя, хто зараз кіруе, пра нас не думаюць – яны жывуць у іншай, паралельнай рэальнасці. Раз ужо ўлада маўчыць, дык я хаця б ад сябе зраблю гэты плакат. У мяне няма ніякіх рычагоў уплыву на гэтую групоўку, якая кіруе. І я раблю, што магу.

Барыс Хамайда кажа, што на ўласным прыкладзе хоча паказаць узор паводзінаў для ўсіх землякоў. Некаторыя з іх ужо й самі арганізавалі сабе каранцінныя мерапрыемствы, кажа Мікола Качурэц, які падышоў да спадара Хамайды:

– Я на каранціне – выходжу толькі па прадукты і самае неабходнае купляць. Выключна па такіх справах, а так я сяджу дома. І мыю рукі, калі браў у рукі грошы ці іншыя такія рэчы. Але чаму Барыс Ханонавіч ходзіць без маскі?

Падчас дэфіцыту масак у аптэцы Мікола Качурэц набыў сабе не медычную маску, а такую, як часам носяць падлеткі – чорную з выявай чэрапа. Але  ён быў адзіны, хто падышоў да Барыса Хамайды  хаця б у такім сродку індывідуальнай абароны. Мінакоў у масках на віцебскіх вуліцах практычна няма, хаця ў горадзе зафіксавана пад два дзясяткі хворых на каронавірус.  

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя