40 чалавек заявілі пра гатовасць балатавацца ў прэзідэнты Польшчы



Ажно 40 чалавек заявілі пра гатовасць балатавацца ў прэзідэнты Польшчы. Столькі заяваў атрымала Дзяржаўная выбарчая камісія краіны, паведамляе svaboda.org. Гэта самая вялікая колькасць прэтэндэнтаў у гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы.

Тэрмін падачы заяваў завяршыўся ў панядзелак. Прэтэндэнты павінны былі сабраць тысячу подпісаў за сваё вылучэнне, каб прайсці першы этап кампаніі. 34 гэта ўдалося, шасці ахвотнікам заняць пасаду кіраўніка дзяржавы адмовілі. Юрысты тлумачаць, што такая вялікая колькасць прэтэндэнтаў звязаная з тым, што зарэгістраваныя камітэты кандыдатаў маюць права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, за што атрымаюць там заробак. А вось сабраць па 100 тысяч подпісаў, каб стаць зарэгістраваным кандыдатам, змогуць нямногія.

У чацвер першым здаў подпісы дзейны прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён сабраў больш за 2 мільёны подпісаў у сваю падтрымку. Мяркуецца, што выканаць патрабаванні для рэгістрацыі па сілах яшчэ пяці прэтэндэнтам:

Малгажата Кідава-Блоньска — кандыдатка ад найбуйнейшай апазіцыйнай партыі, ліберальнай «Грамадзянскай платформы». • Робэрт Бедрань — кандыдат ад левай кааліцыі. • Уладзіслаў Касіняк-Камыш — кандыдат ад Польскай сялянскай партыі. • Кшыштаф Босак — кандыдат ад нацыяналістычнай кааліцыі «Канфедэрацыя». • Шымон Галоўня — беспартыйны кандыдат, шоўмэн і каталіцкі публіцыст родам з Беластоку

Першы тур выбараў адбудзецца 10 траўня. Частка апазіцыі патрабуе ад уладаў перанесці галасаванне праз пандэмію каронавірусу. Яны сцвярджаюць, што ў прэзідэнта больш магчымасцяў праводзіць выбарчую кампанію, паколькі яго дзейнасць асвятляюць грамадскія СМІ. Але прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што не бачыць неабходнасці пераносіць выбары.

Паводле Свабоды

Фота tvn24.pl