Апазіцыйныя палітыкі заклікаюць увесці ў Беларусі „народны каранцін”
Апазіцыйныя палітыкі заклікаюць увесці „народны каранцін”. Адпаведны зварот апублікаваў у сацыяльных сетках сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Пад зваротам падпісаліся Севярынец, старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” Мікалай Статкевіч, каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, паэт Уладзімір Някляеў, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, рэжысёр Юрый Хашчавацкі і блогер Nexta (Сцяпан Пуціла).
Падпісанты прапаноўваюць увесці з 23 сакавіка да 5 красавіка „народны каранцін”, які прадугледжвае шэраг мер: адмовіцца ад удзелу ва ўсялякіх масавых мерапрыемствах; не адпраўляць дзяцей у яслі, дзіцячыя сады, школы і іншыя навучальныя ўстановы; не наведваць універсітэты, патрабаваць ад кіраўніцтва навучальных устаноў увядзення дыстанцыйнага навучання; звесці свае сацыяльныя кантакты да мінімуму; забяспечыць самаізаляцыю і выкананне санітарных правілаў, праводзіць дбайную дэзынфекцыю месцаў пражывання, асабліва інтэрнатаў.
На думку аўтараў звароту, улады робяць усё, „каб у Беларусі распаўсюджванне гэтай хваробы прыняло некантраляваны характар”.
„Улады, як звычайна, змагаюцца з народам, а не з пандэміяй, падстаўляючы людзей пад смяротную небяспеку. Заклікі не паддавацца паніцы з боку ўладаў хаваюць адсутнасць патрэбных сродкаў і абсталявання для барацьбы з гэтай страшнай хваробай. У Беларусі няма панікі, але яна абавязкова ўзнікне праз дзеянні афіцыйных органаў. Праводзіць сёння заняткі ў ВНУ і школах — гэта злачынства. Ва ўсёй Еўропе навучальныя ўстановы закрытыя”, — гаворыцца ў звароце.
Яго аўтары мяркуюць, што ўрад прадэманстраваў няздольнасць прыняць адэкватныя меры, каб супрацьстаяць імкліваму распаўсюджванню пандэміі ў Беларусі.
„Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, іншыя ўстановы выконваюць не свой прафесійны абавязак, а загады зверху, пазбаўляючы людзей дакладнай i рэгулярнай інфармацыі пра каранавірус і яго распаўсюд у Беларусі”, — гаворыцца ў звароце.
Таксама заяўляецца, што толькі салідарнасць грамадзян Беларусі можа прымусіць улады ўвесці агульнадзяржаўны каранцін па прыкладзе краін-суседзяў, які ўключае меры „па сацыяльнай падтрымцы бацькоў дзяцей да 8 гадоў, адмысловай праграмы падтрымкі работнікаў і працадаўцаў усіх формаў уласнасці, а таксама эканомікі ў цэлым”.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 20 сакавіка ў Беларусі зафіксавана 69 выпадкаў заражэння COVID-19. 15 чалавек выпісаны з бальніц. Пад наглядам медыкаў знаходзяцца 42 пацыенты са станоўчымі лабараторнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы. Клінічныя прыкметы маюць 12 чалавек.
belapan.by