Пра скрадзеную перамогу Little Big



Пандэмія каронавірусу ва ўсім свеце памяняла звыклы лад жыцця мільёнаў людзей. Нехта быў вымушаны адмовіцца ад запланаваных турыстычных паездак у экзатычныя краіны, хтосьці пазбавіўся крыніцаў прыбытку праз закрыццё бізнесаў. Пагроза ад невядомай пошасці прымушае ўлады многіх дзяржаваў свету ісці на драконаўскія меры па недапушчэнні каронавірусу. Каб не перагрузіць сістэмы аховы здароўя, у многіх краінах грамадзянаў адправілі на каранцін. Гэта абсалютна нязвыклая рэчаіснасць, да якой цяжка прызвычаіцца ўвадначассе. Нават калі рабіць выгляд, што нічога не змянілася, то ўсё адно глабальная праблема праявіцца ці ў абвале нацыянальнай валюты, ці ў закрыцці межаў.

Адзін з апошніх удараў лёсу для аматараў поп-конкурсу “Еўрабачанне” – адмена гэтага папулярнага шоу, якое мелася сёлета прайсці ў Нідэрландах. Арганізатары паведамілі пра сваё рашэнне, заявіўшы проста: “Ва ўмовах пандэміі каронавірусу правесці конкурс немагчыма”. І кропка. Цікава, што адразу актывізаваліся прыхільнікі тэорый змовы, якія ўбачылі ў гэтым рашэнні палітычны падтэкст. Маўляў, на “Еўрабачанні 2020” яўным фаварытам была панк-рэйв група Little Big з Расеі, таму ўсё відавочна. Хаця на некаторых тэндэнцыйных расейскіх СМІ пайшлі яшчэ далей, заявіўшы, што каронавірус – добрая падстава, каб у чарговы раз не прапусціць расейцаў на п’едэстал пераможцаў. Такое адчуванне, што новы ўзбуджальнік смяротных хваробаў з’явіўся не ў кітайскім Ухані, а быў створаны ў прадусарскіх студыях еўрапейскіх поп-выканаўцаў.

Аб’ектыўна кажучы, модны гурт Little Big, кожнае відэа якога з’яўляецца вірусным, а сутаргавыя целарухі выканаўцаў завучваюцца і капіююцца моладдзю, сапраўды мог перамагчы. За пяць дзён пасля выкладання відэаверсіі песні “Uno” гэты ролік на ютубе ў афіцыйным канале Еўрабачання паглядзела больш за 30 мільёнаў чалавек. Такім чынам, можна часткова пагадзіцца з гендырэктарам Першага расейскага канала Канстанцінам Эрнстам, што расейскіх выканаўцаў фактычна пазбавілі ўзнагароды. Няма сумневу, што еўрапейская публіка, не кажучы ўжо пра жыхароў постсавецкай прасторы, прагаласавала бы за фрыкаў з РФ, якія дабіліся таго, чаго не змаглі дасягнуць раней ніколі прадстаўнікі расейскай культуры. Таварышы з Little Big з іх канвульсіўнымі танцавальнымі рухамі стварылі моду на саўковы трэш, разбавіўшы кітчавыя балалайкі, татуіроўкі з мядзведзямі і аўтаматы Калашнікава, балканскай энергетыкай.

Творчасць Little Big – ідэальны прадукт часоў позняга пуцінізму, калі да ўсяго экспарту РФ (не важна, гаворка ідзе пра прапаганду ці энерганосьбіты) часта прыстаўляецца прыстаўка “гібрыдны”. На першы погляд, расейцы з Little Big сцябуцца са сваёй рэальнасці, але насамрэч атрымліваецца, што яны ўдала прасоўваюць вобраз трошкі эксцэнтрычных, але ўсё адно мілых расейцаў, якіх цяжка зразумець меркантыльным заходнікам. Што цікава, у адным з інтэрв’ю фронтмэн гурта Ілля Прусікін нечакана  сур’ёзна адказаў пра значэнне сваёй творчасці, што ён не імкнецца смяяцца з Расеі, а насамрэч кпіць са стэрэатыпаў пра сваю краіну. Але, паводле выканаўцы, самыя вялікія прыступы любові да радзімы ў яго праяўляюцца ў частых паездках за мяжу, дзе яго накрывае настальгія па шыкоўнай прыродзе і крутых суайчынніках. Па сутнасці, Little Big – ідэальны праект па прасоўванні канцэпцыі “Рускага свету”, які куды больш эфектыўны, чым расейскія танкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ