Мінздароўя не пацвярджае інфармацыю пра смерць ад каронавіруса жыхаркі Віцебска
У Міністэрстве аховы здароўя не пацвердзілі інфармацыю пра смерць ад каранавіруса жыхаркі Віцебска, апублікаваную 20 сакавіка на сайце nn.by.
„Жанчына сапраўды памерла, але ад іншых хвароб”, — коратка паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Ад больш падрабязных каментароў яна адмовілася.
У паведамленні „Нашай нівы” гаворыцца, што 18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая жанчына. Яе шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх. Са слоў сваякоў жанчыны, быў праведзены тэст на каронавірус, які „аказаўся станоўчым”. „Гэтую інфармацыю канала Harbatsevich пацвердзілі ўрачы бальніцы. Але афіцыйнай прычынай смерці пазначаны не каронавірус”, — адзначаецца на сайце „Нашай нівы”.
У тэксце таксама гаворыцца, што ў жанчыны „былі і спадарожныя праблемы са здароўем: павышаны ціск, цукровы дыябет”. „20 сакавіка жанчыну пахавалі. Нявестка кажа, што хавалі ў закрытай труне, апрацаванай сродкамі дэзынфекцыі. Пахаванне было закрытым, прысутнічалі толькі блізкія члены сям’і”, — піша выданне.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 20 сакавіка ў Беларусі зафіксавана 69 выпадкаў заражэння COVID-19. 15 чалавек выпісаны з бальніц. Пад наглядам медыкаў знаходзяцца 42 пацыенты са станоўчымі лабараторнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы. Клінічныя прыкметы маюць 12 чалавек.