З 11 тысяч беларусаў, якія выехалі за мяжу за апошнія тры дні, каля 90% — кіроўцы грузавікоў
З 11 тысяч беларусаў, якія выехалі за мяжу за апошнія тры дні, каля 90% з’яўляюцца кіроўцамі грузавікоў, удакладніў у сваім тэлеграм-канале Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі. „На гэтую катэгорыю грамадзян не распаўсюджваецца забарона ўезду ў сумежныя з Беларуссю краіны”, — адзначылі ў пагранкамітэце.
Напярэдадні Міністэрства замежных спраў Беларусі са спасылкай на Дзяржпагранкамітэт паведаміла: нягледзячы на рэкамендацыі МЗС устрымацца ад замежных паездак, больш за 11 тысяч беларусаў выехалі з краіны за апошнія трое сутак.
На сённяшні дзень МЗС і беларускія замежныя ўстановы аказалі садзейнічанне ў вяртанні дадому больш чым 2.500 беларускім грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі за мяжой. „У фокусе ўвагі беларускіх дыпламатычных устаноў ужо больш за 1.500 грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой і якія патэнцыйна могуць звярнуцца па аказанне неабходнага садзейнічання ў найбліжэйшы час. Праца вядзецца на пастаяннай аснове”, — паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 20 сакавіка сталічнае навукова-вытворчае прыватнае прадпрыемства „Адані”, раскрытыкаваў тых, хто паехаў адпачываць за мяжу, нягледзячы на небяспеку. „А цяпер яны ломяцца ў дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч у адзін дзень забраць”, — сказаў Лукашэнка.
belapan.by