Загінулыя ў вёсках Зані і Шпакі занесены ў спіс Святых Пакутнікаў Падляшскіх
Сабор епіскапаў Польскай праваслаўнай царквы на паседжанні 17 сакавіка пашырыў спіс Святых Пакутнікаў Падляшскіх. Пайменна ўнесеныя ў спісы загінулыя ў вёсках Зані і Шпакі ў лютым 1946 года.
У камунікаце Сабору епіскапаў чытаем, што іх памяць Праваслаўная царква ў Польшчы будзе ўшаноўваць у апошнюю суботу ліпеня, устанаўліваецца таксама дзень 2 лютага лакальным святам у парафіі святога Сімяона Слупніка ў Браньску.
У кастрычніку мінулага года ў лік Падляшскіх мучаннікаў быў уведзены 31 вазак, закатаваны ў лесе ля Пухалаў Старых. Праваслаўная царква ў Польшчы прызнала загінулых ад рук польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага” мучанікамі за веру праваслаўную.
Нагадаем, што толькі з 29 студзеня па 2 лютага 1946 года аддзел Рамуальда Райса „Бурага” спаліў 5 беларускіх вёсак на Беласточчыне, загінула тады 79 чалавек, у тым жынчыны і дзеці. Пакуль ў спісы Мучаннікаў Падляшскіх не ўвайшлі ахфяры з вёскі Залешаны. Інстытут нацыянальнай памяці ў Польшчы ў 2005 годзе пасля працяглага следства кваліфікаваў дзеянні „Бурага” як злачынства з прыкметамі генацыду.
Беларускае Радыё Рацыя