Беларусь і Польшча дамовіліся пра супрацу ў супрацьстаянні каронавірусу
Беларусь і Польшча дамовіліся шчыльна ўзаемадзейнічаць у выпадку ўзнікнення праблемных сітуацый з-за пандэміі каронавіруса.
Пра гэта паведаміў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей па выніках перамоў з польскім калегам Яцакам Чапутовічам і ўпаўнаважаным урада Польшчы па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пятром Наімскім. Перамовы прайшлі 20 сакавіка ў фармаце відэаканферэнцыі.
„Мы надалі досыць вялікую ўвагу абмеркаванню пытання барацьбы з эпідэміяй каронавіруса, — сказаў Макей. — Спадар міністр праінфармаваў мяне пра развіццё сітуацыі ў Польшчы, я распавёў пра тое, якая абстаноўка ў нас. Гэта была адна са значных тэм перамоваў”.
Макей адзначыў, што сёння, 20 сакавіка, раней таксама правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі МЗС Літвы і Латвіі.
„Усе праблемныя пытанні, якія існавалі некалькі дзён таму, у адпаведнасці з тымі нотамі, якія былі накіраваныя беларускім бокам, былі вырашаныя, — сказаў Макей. — І мы дамовіліся быць у цесным пастаянным кантакце, каб ліквідаваць тыя бар’еры, якія могуць раптам нечакана паўстаць. Бар’еры – я маю на ўвазе на шляху вяртання нашых грамадзян у Беларусь, якія могуць паўстаць у выпадку нейкіх непрадбачаных сітуацый. Ёсць дакладнае разуменне, што тут трэба зыходзіць з канкрэтнай пазаштатнай сітуацыі і трэба пазбягаць бюракратычных нейкіх закавык”.
Акрамя тэмы барацьбы з каронавірусам кіраўнік беларускага МЗС таксама абмеркаваў з польскім калегам пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. „Зразумела, што, на жаль, цяпер з улікам гэтай каронавіруснай сітуацыі адпаведныя інстытуты не працуюць. Але мы дамовіліся пра аднаўленне паўнавартасных кантактаў адразу ж пасля паляпшэння абстаноўкі, — сказаў Макей. — Мы абмяркоўвалі пытанні нашых адносін з ЕС, пытанні, звязаныя са становішчам у рэгіёне, шэраг іншых аспектаў. У прынцыпе, ёсць абсалютна поўнае разуменне адносна таго, як нам рухацца далей. Мы дамовіліся, што такія кантакты стануць сталымі”.
belapan.by