Рэпетыцыйнае тэсціраванне падоўжаць да канца траўня



Фінальны этап рэпетыцыйнага тэсціравання не адмяняецца, але пройдзе  з захаваннем усіх рэкамендацый эпідэміялагічнай службы ў сувязі  з пагрозай распаўсюджання вострых рэспіраторных інфекцый і каранавіруса. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

Традыцыйна менавіта трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання прыцягвае найбольшую колькасць патэнцыяльных абітурыентаў. У сувязі з гэтым становяцца актуальнымі рэкамендацыі па абмежаванні колькасці людзей у адной аўдыторыі.   

Да пачатку рэпетыцыйнага тэставання ва ўсіх установах адукацыі павінен быць  забяспечаны запас сродкаў дэзінфекцыі і вадкага мыла. Пры ўваходзе ў навучальныя корпусы, аўдыторыі, санвузлы і г.д. размесцяць антысептычныя сродкі для апрацоўкі рук. Акрамя таго, арганізуюць дадатковую апрацоўку дзвярных ручак, дзвярэй, поручняў, парэнчаў, кранаў і іншых месц, якія маюць вялікую колькасць тактыльных кантактаў.

Пад правядзенне РТ не будуць задзейнічаць паточныя аўдыторыі з вялікай колькасцю пасадачных месцаў. У аўдыторыях будзе выкарыстоўвацца прынцып мінімізацыі рызык распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый: не менш метра адзін ад аднаго, памяшканне будзе ветрыцца.

Меркавалася, што рэпетыцыйнае тэсціраванне скончыцца напрыканцы красавіка, але Міністэрства адукацыі рэкамендавала падоўжыць рэпетыцыйны этап да 24 траўня.

Яшчэ раней ВНУ было рэкамендавана адмовіцца ад лекцый, каб пазбегнуць масавага збору людзей, і выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў. 

zviazda.by