У Віцебску рыхтуюць віртуальнае адзначэнне Дня Волі



Гараджан запрасілі ў адмысловую групу ў Фэйсбуку, дзе да 25-га сакавіка будуць збіраць узаемныя віншаванні. Сюды можна даслаць фотаздымак з нацыянальным сцягам або ў вышыванцы, выкласці відэа з пажаданнямі, чытаннем вершаў  або хронікай святкаванняў мінулых гадоў.

Такі фармат быў  абраны ў сувязі з тым, што  ўсе масавыя мерапрыемствы сталі патэнцыйна небяспечнымі, кажа старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

– Сітуацыя з каронавірусам вельмі напружаная, людзі стараюцца лішні раз не збірацца на нейкія масавыя мерапрыемствы. Таму была прапанова стварыць групу, каб кожны ўдзельнік мог павіншаваць жыхароў Віцебска з гадавінай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Да сёлетніх угодкаў БНР створаны і  адмысловы відэаканал 25 сакавіка#Віцебск, дзе сабраны беларускія фільмы і спевы,  каб кожны мог правесці  Дзень Волі  з адпаведным  настроем і пад добрую музыку. 25 сакавіка арганізатары віртуальнага святкавання хочуць выкласці  туды ж і відэаролікі сёлетніх віншаванняў.

Фармат адзначэння Дня Волі “ у рэале” таксама абмяркоўваецца. Традыцыйнай імпрэзай 25-га сакавіка штогод было ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі  на будынку мастацкай вучэльні, дзе вучыўся Васіль Быкаў, і да помніка Уладзіміру Караткевічу. Вядома, і сёлета ахвотныя змогуць зрабіць гэта калі не калектыўна, дык індывідуальна.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск