Берасцейскае „Дынама” не змагло абыграць „Смалявічы”
Дзеючыя чэмпіёны Беларусі футбалісты берасцейскага „Дынама” згулялі ўнічыю са „Смалявічамі” ў стартавым матчы новага чэмпіяната.
Берасцейцы на хатняй арэне валодалі ініцыятывай, але адкрыць лік так і не змаглі. Гульцы „Смалявічаў” умела абараняліся, праводзячы вострыя контратакі. Адна з іх завяршылася голам – на 55-й хвіліне гульні дакладны ўдар нанёс Уладзіслаў Мухамедаў. Адразу пасля прапушчанага гола берасцейцы мелі дзве выдатныя магчымасці зраўняць лік, але абодва разы Павел Савіцкі не змог выкарыстаць перадачы Арцёма Мілеўскага. Аднак праз 15 хвілін гаспадары ўсё ж дамагліся поспеху, калі верхавую падачу Сяргея Кісляка замкнуў Кікі Габі. Дынамаўцы працягвалі атакаваць, але даціснуць супернікаў ім не ўдалося – нічыя 1:1. Нечаканы вынік быў таксама зафіксаваны ў матчы сталічнага «Дынама» з берасцейскім «Рухам». Падначаленыя Сяргея Гурэнкі на сваім полі саступілі дэбютанту вышэйшай лігі – 0:1.
Такім чынам, «бела-блакітныя» не сталі выключэннем і, як і ўсе лідары мінулага першынства, няўдала стартавалі ў новым чэмпіянаце.
Стартавы тур завершыцца сустрэчамі ў суботу і нядзелю. Сёння ў прыватнасці «Віцебск» прыме «Гарадзея», а «Іслач» згуляе з гарадзенскім «Нёманам».
Хакеісты „Шахцёра” абыгралі „Нёман” і павялі ў паўфінальнай серыі з лікам 3:2
Хакеісты „Шахцёра” абыгралі гарадзенскі „Нёман” у пятым матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі па хакеи з лікам – 3:0.
Хакеісты „Шахцёра”, нягледзячы на гасцявы статус, пачалі матч агрэсіўна. Гарадзенцы спрабавалі перахапіць ініцыятыву, але дарэмна. На 7-й хвіліне Ілля Казнадзей з перадачы Ігара Карабанава дамогся для „гарнякоў” перавагі, закінуўшы шайбу ў брамку Віталя Труса. „Гарнякі” перайшлі на гульню другім нумарам, турбуючы супернікаў вострымі контратакамі. Такая тактыка прынесла плён у заключным перыядзе. На 58-й хвіліне салігорцам ўдалася эфектная атака, і Андрэй Фяклістаў падвоіў перавагу «Шахцёра». Аднак на гэтым госці з горада калійшчыкаў не спыніліся. Скарыстаўшыся тым, што падначаленыя Сяргея Пушкова знялі брамніка, за сем секунд да фінальнай сірэны канчатковы лік матчу ўсталяваў Уладзіслаў Радчанка. Такім чынам, лік у супрацьстаянні стаў 3:2 на карысць салігорскага клуба. Для таго каб прайсці ў фінал, „Шахцёру” засталася адна вікторыя, якую ён можа здабыць 22 сакавіка. Першым фіналістам чэмпіянату Беларусі стала сталічнае „Юнацтва”, якое абыграла ў паўфінальнай серыі „Дынама-Маладзечна” з лікам 4:1.
Беларускія баксёры вярнуліся ў Менск з Лондана
Беларускія баксёры вярнуліся ў Менск з кваліфікацыйнага алімпійскага турніру ў Лондане. Пра гэта паведаміў старшы трэнер зборнай Беларусі па боксе Сяргей Асанаў. „Беларускія баксёры прыляцелі ў Менск. Будзем праходзіць абследаванне. Бліжэйшыя 14 дзён правядзем на каранціне пад Менскам, дзе працягнем падрыхтоўку ў штатным рэжыме, – сказаў Сяргей Асанаў. – Першы тыдзень стане для беларускіх спартоўцаў аднаўленчым, а потым яны пачнуць выводзіць атлетаў на пік формы. Ніякай панікі няма, гатовыя працаваць, каб трапіць на Алімпіяду ў Токіо”, – дадаў Сяргей Асанаў.
Чэмпіянат Еўропы па водных відах спорту перанесены
Еўрапейская ліга плавання абвясціла пра перанос чэмпіянату Еўропы па водных відах спорту з-за пагрозы распаўсюду каронавіруса, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт лігі. Турнір павінен быў прайсці з 11 па 24 траўня ў Будапешце. Меркавана ён адбудзецца ў другой палове жніўня.
Беларускія спартоўцы за час выступаў на кантынентальных форумах па водных відах спорту заваявалі 24 медалі рознай вартасці (чатыры залатыя, сем срэбраных і 13 бронзавых).
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Афіцыйны сайт „Дынама-Брэст”