У Берасці пададзеныя заяўкі на правядзенне трох пікетаў



Праваабаронца Раман Кісляк 20 сакавіка падаў у гарвыканкам заяўкі на правядзенне трох пікетаў супраць рэпрэсій у дачыненні да праціўнікаў акумулятарнага завода.

 

Трохгадзінныя акцыі плануюцца на 6, 8 і 10 красавіка на пешаходнай пляцоўцы ў Гарадскім садзе. Мэта пікетаў — выказванне пратэсту супраць рэпрэсій з боку службовых асоб органаў унутраных спраў у дачыненні да Людмілы Карчэўскай, Аляксандра Марачэўскага і Уладзіміра Мароза, на якіх у Ленінскім РАУС Брэста складзеныя пратаколы на падставе арт. 9.2 КоАП (паклёп).

13 сакавіка пратаколы былі складзеныя ў адносінах да Карчэўскай і Марачэўскага, 14 сакавіка — два пратаколы ў дачыненні да Мароза. Заявы на гэтых людзей напісалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Брэста (адзін — на Карчэўскую і Марачэўскага, два — на Мароза).

Заяўнікі палічылі паклёпам выказванні актывістаў у інтэрв`ю  блогеру Сяргею Пятрухіну, што гэтыя міліцыянеры сведчылі лжыва пры разглядзе ў судзе матэрыялаў іх адміністрацыйных спраў. Актывісты лічаць, што суды іх аштрафавалі на падставе паказанняў гэтых супрацоўнікаў міліцыі.

У пачатку сакавіка Пятрухін у сваім YouTube-праекце „Народны рэпарцёр” размясціў відэаролік „Віншуем з днём міліцыі. Хлопцам з Ленінскага РАУС прысвячаецца” з гэтымі выказваннямі Карчэўскай, Марачэўскага і Мароза.

24 сакавіка павінны былі судзіць Марачэўскага, 26 сакавіка — Карчэўскую 31 сакавіка — Мароза. 17 сакавіка Марачэўскаму, 18 сакавіка — Карчэўскай і Марозу патэлефанавалі з суда Ленінскага раёна Берасця і паведамілі, што ў гэтыя дні судоў над імі не будзе, бо іх адміністрацыйныя справы адпраўленыя на дапрацоўку ў міліцыю.

„Гэтыя справы павінны быць спыненыя. Грамадзяне маюць права крытыкаваць праваахоўнікаў за неправамерныя дзеянні. Асабліва за іх ілжывыя паказанні ў судах”, — заявіў праваабаронца.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 309 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года штонядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” збудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

belapan.by

Фота b-g.by