Гомель: Тры грацыі і фантан з жабамі



Успаміны, як паэзія.  Мая бабуля, Лідзія, нарадзілася ў Гомелі 25 сакавіка 1918 года ў доме на Паўлаўскай вуліцы ў Залінейным раёне. Мая мама Ірына нарадзілася ў Гомелі ў 1944 годзе. Пасля вайны жылі ў розных гарадах – у Магілёве, Маладэчне, Барысаве, Оршы. Але летам абавязкова ехалі ў Гомель.

Я занатавала згадкі мамы пра пасляваенны Гомель.

Вобразы і адчуванні:   

“Я, больш, чым Гомель, памятаю Оршу і Барысаў, бо там жыла. Калі мне было 5 гадоў, дама ў крэпдэшынавай сукенцы з чарнабуркай на плячах спытала ў мяне, куды мы з мамай едзем і як надоўга? І я ёй з гонарам адказала: “Мы едзем у Гомель на месяц!” Гэта было ў Оршы на вуліцы Ленінскай – прыкладна насупраць школы першай, толькі на супрацьлеглым баку вуліцы, насупраць Ваенторгу – працы маёго таты. Відаць, жанчына была настолькі шыкоўнай, што я запомніла яе, што яна была. Я ведала, што ёсць крэпдэшынавыя сукенкі. І ў яе была ліса. Насілі лісу такую цалкам – цэлая ліса накідвалася на плечы. На летняе адзенне таксама насілі лісу. І яна спытала: “Куды вы едзеце?”.  Гомель для мяне – мамін горад. Мама заўсёды адчувала, што гэта яе горад.

Цягнік у Гомель прыходзіў, калі яшчэ цёмна было, хаця прыязджалі мы на лета, але было яшчэ цёмна. Мы ішлі па Залінейным раёне, так пахла заўсёды добра – яблыкамі, кветкамі. Яшчэ мне падабаўся маленькі пакой ў доме, такі, які ён быў – са старым трумо і рыцарам. Цікава, якія метарафорзы перажываюць пакоі, цяпер ён выглядае інакш. Я мела слабасць да стадыёну “Лакаматыў”, бо спадзявалася, што нарэшце там зноў запрацуе дзіцячая чыгунка, якая дзейнічала да вайны – мне пра яе распавядалі. Памятаю хлопчыка Юру, які рана памёр, у яго была вялікая прыгожая кніжка “Малахитовая шкатулка”. Памятаю кватарантаў – Гальдэнвейзераў, маці і дачку, – своеасаблівыя вельмі людзі.

Залінейны раён. Гарод памятаю. Сад. Водар флоксаў.

Я ведала– у парк трэба абавязкова ісці. Абавязковым быў паход у парк. І ўспаміны мамы, як было да вайны.

Калі мы прыязджалі ў Гомель, мама сустракалася са сваімі сяброўкамі. Адна з іх – Іна Кракасевіч жыла з сынам у прыгожым доме каля парку, кватэра – вокны, ў парк, на той бок, дзе цяпер арэлі. Іна Кракасевіч – мая хросная маці,  яе маці заставалася са мною, калі мая мама хадзіла на працу – у порт, фельдшарскі пункт. Мама Іны Крокасевіч сказала, што не будзе заставацца з нехрышчоным дзіцёнкам, таму мяне пахрысцілі ў Нікольскай царкве. А хросным бацькам быў афіцэр Чырвнай арміі, які на той момант быў на кватэры ў старэйшый сястры маёй мамы  – Паліны. Срэбны абразок з Чарнігаўскай Божай Маці – ад яго. 

Палац Паскевіча пасля вайны стаяў зруйнаваны, за плотам, у сярэдзіне ўсё драўлянае выгарэла. Хлопцы лазілі праз плот у палац і нават нешта там знаходзілі цікавае. Я праз не лазіла і бачыла палац толькі за плотам.

Калі я прыехала ў Гомель у 10-ым ці 9-ым класе, то я ўжо паўсюль без мамы хадзіла. Стрыечная сястра Лена знайшла мне сяброўку, з якой працавала на вытворчасці. І мы разам хадзілі гуляць. Тады традыцыйны маршрут яшчэ быў маршрут – трэба прайсці не толькі па парку, але і па Савецкай. Дзяўчына жыла на вуліцы Кірава, Я здзівілася будынкам канструктывісцкім, якія там, яны падаліся незвычайнымі. У парку пазнаёмілася са студэнтам-гамельчуком. Габрэйскі юнак. Ён павёз мяне катацца на лодцы – да Мельнікава Луга і назад, як павінна было быць у часы маё мамы і мае часы таксама. Добрая была паездка.  І калі нам восенню ў школе сказалі напісаць сачыненне “Лепшы дзень лета”, я напісала пра парк, пра Сож. А мая сяброўка напісала пра касманаўтаў, тады нехта паляцеў у космас.

У Гомелі яшчэ шмат было такога, як да вайны, у сэнсе таго, як бавілі час. Мама абавязкова рабіла шпацыр па памятных мясцінах – Мельнікаў Луг, парк. Вось я цяпер думаю: як мы на Мельнікаў луг дабіраліся? Не памятаю. Памятаю, што мы ходзім там сярод дрэваў. Мы з хлопчыкам, сынам Іны, збіраем жалуды. Ходзім з ім моўчкі і шукаем нешта на зямлі, а нашы мамы настальгуюць.

Калі з’явідіся старыя фотаздымкі, узнікла спрэчка – дзе ў парку быў фантан з жабамі? У маім уяўленні так: пяройдзеш мосцік праз лебядзіны ставок і направа павернеш –цяпер пустое месца, часам там баяністы граюць. Там быў фантан. У мяне такое ўяўленне, што ён менавіта на тым месцы і быў. А піянеры ды іншыя гіпсавыя скульптуры стаялі на алейцы, якая ідзе з гары ўніз да гістарычнага мосціка. Па схіле. Схіл быў упрыгожаны піянерамі. Любімы мамін успамін – пра алею, над якой спляталіся ружы. Дзе была такая алея, я не разумела, але дакладна была такая – да вайны. Яшчэ адзін заповед мамы – пра каток перад палацам, што з-за яго памерзлі каштоўныя дрэвы. Калі пабачыла старыя фотаздымкі, зрзазумела: там перад палацам былі яшчэ будынкі. Але я іх не памятаю. Вадакачку яшчэ бачыла – насупраць парка. Карцінак Гомеля таго часу ў мяне ў памяці мала. Ёсць карцінка такая: на праспекце Леніна – пустыя месцы і яшчэ старыя дамкі двухпавярховыя. Памятаю, што вуліцы Перамогі не было, а былі вуліцы з драўлянай забудовай. І на фотаздымках, якія вярнулі маёй стыечнай сястры пасля рэабілітацыі Лене, бачна, што да вайны каля палаца былі – Тры грацыі –  старыя скульптуры. Пасля вайны іх не было, напэўна”.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ