Максім Малюцін паўтарыў рэкорд чэмпіянатаў Беларусі
Галкіпер „Шахцёра” ў пятым матчы паўфінальнай серыі Кубка прэзідэнта супраць „Нёмана” ў Гародні зарабіў трэці шатаўт у цяперашнім постсезоне.
Па гэтым паказчыку ён дагнаў лідара лігі, брамніка сталічнага „Юнацтва” Ігара Брыкуна, які двойчы згуляў „на нуль” у чвэрцьфінале і не прапусціў у пятым матчы паўфіналу супраць „Дынама-Маладзечна”. Пры гэтым Малюцін стаў другім брамнікам у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі, якому ўдалося правесці тры „сухіх” матчы ў адной серыі плэй-оф. Рэкорд па колькасці шатаўтаў ў адным розыгрышы плэй-оф належыць Ігару Брыкуну, які ў 2009 годзе ў складзе „Гомеля” 6 разоў сыходзіў з лёду без прапушчаных шайбаў, адзначае афіцыйны сайт ФХБ.
Вырашальны этап SEHA-лігі адкладзены на нявызначаны тэрмін
Вырашальны этап SEHA-лігі перанесены ў сувязі з небяспекай распаўсюджвання каронавіруса. Такое рашэнне прыняў выканкам лігі. Матчы „Фіналу чатырох” павінны былі прайсці 3-5 красавіка ў харвацкім Задары, але з прычыны сітуацыі, якая склалася, турнір адкладзены на нявызначаны тэрмін. Пакуль вядомыя два ўдзельнікі „Фіналу чатырох” дзявятага сезону SEHA-лігі – Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова і харвацкі „Заграб”. Берасцейцы ў 1/4 фіналу двойчы перайгралі ўкраінскага чэмпіёна запарожскі „Матор” – 30:28 (дома) і 33:28 (у гасцях). А чэмпіёны Харватыі былі мацней за славацкі „Татран” з Прэшува – 25:21 (у гасцях) і 28:16 (дома).
Старшыня Слуцкага райвыканкама: лёс каманды відавочны – хутчэй за ўсё, яна пакіне вышэйшую лігу
Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Янчэўскі распавёў пра сітуацыю ў ФК „Слуцк”, які пазбавіўся фінансавай падтрымкі з боку цукровага камбіната.
“На пасяджэнні назіральнага савета прадпрыемства, на жаль, большасць, у тым ліку і прадстаўнікі канцэрна „Белдзяржхарчпрам”, прагаласавалі супраць далейшай падтрымкі клуба. Работнікам, якія ўваходзяць у назіральную раду, усё роўна … Горад і прадпрыемства ў адпаведнасці з указам аб аказанні спонсарскай дапамогі падтрымліваюць і будуць падтрымліваць клуб, але гэтага недастаткова. Калі сітуацыя не зменіцца, лёс каманды відавочны – хутчэй за ўсё яна пакіне вышэйшую лігу чэмпіянату”, – цытуе Янчэўскага „Слуцкі край”.
56 лыжнікаў таемна сабраліся ў Эстэрсундзе, каб правесці гонку, нягледзячы на забарону з-за каронавіруса
56 лыжнікаў таемна сабраліся ў Эстэрсундзе, каб правесці гонку. Шведскія спартоўцы парушылі забарону на правядзенне спаборніцтваў, уведзеную лыжнай асацыяцыяй краіны. Забарона звязана з пагрозай распаўсюджвання каронавіруса. Сярод удзельнікаў гонкі былі і сябры зборнай Швецыі – Эба Андэрсан, Марцін Пасілуома, Ёхана Скотхейм, Оскар Свенсан і іншыя. У лыжных асацыяцыі Швецыі ўжо паведамілі, што санкцыі да іх прымяняцца не будуць. У арганізацыі патлумачылі, што спартоўцы самі вырашаюць, варта ім трэніравацца ці не.
„Віцебск” адолеў „Гарадзею”, гуляючы тайм у меншасці
„Віцебск” перамог „Гарадзею” у паядынку 1-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе – 1:0. На 46+ хвіліне сустрэчы быў выдалены абаронца гаспадароў Максім Каленчук, з-за чаго пасля перапынку яго камандзе давялося гуляць у меншасці. Адзіны гол у свае вароты забіў абаронца Дзмітрый Ігнаценка на 20-й хвіліне.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: прэс-служба „Шахцёра”