Расейскія рытэйлеры зняпраўдзілі заяву Лукашэнкі аб просьбе пастаўляць прадукцыю



Расейскія рытэйлеры не звярталіся да Беларусі з просьбай забяспечыць іх прадуктамі харчавання, іх дэфіцыту няма, заявілі ў Асацыяцыі кампаній рознічнага гандлю (АКАРГ).

«У сувязі з заявай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі аб тым, што расейскія рытэйлеры звярнуліся з просьбай паставіць прадукты харчавання ў сувязі з дэфіцытам, які нібыта пачынаецца, Асацыяцыя кампаній рознічнага гандлю, якая аб’ядноўвае 24 найбуйнейшыя рознічныя гандлёвыя сеткі, што працуюць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, заяўляе: расейскія гандлёвыя сеткі не накіроўвалі падобных зваротаў і не адчуваюць дэфіцыту прадукцыі», – гаворыцца ў паведамленні на сайце асацыяцыі.

Падкрэсліваецца таксама, што існуючыя запасы на складах, у размеркавальных цэнтрах і крамах дазваляюць задаволіць попыт пакупнікоў у любым абʼёме.

«Усе закупкі па раней заключаных знешнегандлёвых кантрактах, уключаючы пастаўкі з Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляюцца ў звычайным, планавым рэжыме», – дапоўнілі ў АКАРГ.

Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі 20 сакавіка на тэму сітуацыі з каронавірусам, заклікаў грамадзян «не панікаваць і не ламіцца ў крамы», а таксама заявіў, што расейскія рытэйлеры звярнуліся з просьбай пастаўляць ім прадукты харчавання.

«У нас дастаткова прадуктаў. Расеяне, калі закрылі мяжу, рытэйлеры іх звярнуліся да нас: дайце прадукты харчавання, таму што ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фармуем партыі і адпраўляем, і цана ўжо зусім іншая», – сказаў Лукашэнка.

БелаПАН