Дзень Волі на Піншчыне грамадскасць адзначыць
Дзень Волі на Піншчыне грамадскасць адзначыць наведваннем пахавання прэм’ера Беларускай Народнай Рэспублікі, палітыка і прамыслоўца Рамана Скірмунта. Пахаванне знаходзіцца ў вёсцы Парэчча на ўскрайку ўнікальнага парку, які напачатку ХХ стагоддзя заклаў сам Скірмунт.
Адраджаем традыцыю, якая перарвалася, – кажа сябра Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч:
– Па-першае, трэба паглядзець, у якім яна стане зараз. Ці патрэбна там прыбраць нешта, падмесці, узяць з сабой нейкія венікі. Як звычайна, занесці вяночкі, кветкі, лампадкі. Мы збяром людзей, набудзем усё гэта і паедзем. Гэтая традыцыя перарывалася на некаторы час, але я думаю аднавіць і кожны год ездзіць на 25 сакавіка да Рамана Скірмунта.
Раман Скірмунт фінансава падтрымліваў беларускі друк і дзейнасць нацыянальных арганізацый. За год да абвяшчэння БНР узначаліў першы беларускі прадстаўнічы орган Нацыянальны Камітэт, які заявіў пра намер беларусаў мець сваю дзяржаўнасць. У кастрычніку 1939 года Скірмунта забілі тры мясцовыя прыхільнікі бальшавікоў.
Беларускае Радыё Рацыя