Літва працягнула дзеянне транзітнага калідора для беларусаў да 26 сакавіка



Літва на тры дні працягнула дзеянне транзітнага гуманітарнага калідора для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў дадзены момант на літоўскай тэрыторыі.

Як паведаміла пасольства Беларусі ў Літве ў „Фэйсбуку”, беларусы могуць вярнуцца на радзіму да 00.00 гадзін па літоўскім часе 26 сакавіка. Да пазначанага часу перасячы мяжу можна пешшу ў пунктах пропуску „Мядзінінкай” — „Каменны Лог”, „Шальчынінкай” — „Беняконі” і „Райгардас” — „Прывалка”. Раней дзеянне калідора распаўсюджвалася да паўночы 23 сакавіка.

„Просім грамадзян Беларусі, якія жадаюць пакінуць тэрыторыю Літвы, загадзя паклапаціцца пра планаванне маршруту і транспарт”, — адзначаецца ў паведамленні пасольства.

Экстранную дапамогу з выездам можна атрымаць, загадзя зарэгістраваўшыся і даслаўшы заяўку з пазначэннем прозвішча, імя і імя па бацьку, колькасці пасажыраў і нумара тэлефона для зваротнай сувязі на электронны адрас: [email protected]. Таксама можна звярнуцца па тэлефонах пасольства Беларусі ў Літве: +37052662211 (кругласутачна) і +37069541778.

21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з членамі ўрада і кіраўнікамі дзяржорганаў, адной з тэм стала сітуацыя з беларусамі, якія апынуліся за мяжой у складанай сітуацыі з-за прыняцця шэрагам краін абмежавальных мер.

„На сённяшні дзень па выніках сумеснай працы з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання і ААТ „Белавія” аказаная дапамога больш як 3.400 нашым суайчыннікам, — паведаміла журналістам 22 сакавіка МЗС Беларусі. — У іх ліку група дзяцей з суправаджальнікамі з санаторыя „Беларусь” у Юрмале, спартыўная дэлегацыя з Малдовы, чацвёра беларусаў з круізнага лайнера „Коста Пасіфіка” і многія іншыя выпадкі. Зразумела, мы ўспрымаем гэтую сітуацыю як агульны выклік і пры магчымасці не адмаўляем у дапамозе людзям з іншых краін. Такіх прыкладаў нямала”.

belapan.by