Keep Calm and Carry On



Якой павінна быць падача інфармацыі ў надзвычайных сітуацыях? Эпідэміі, экалагічныя бедствы, палітычныя пертурбацыі рознага тыпу? Найперш – ураўнаважанай.

Пачынаюць хаваць праўдзівую інфармацыю – пачынаюць з’яўляцца фэйкі. Чуткі. Страхі. Вар’яцкія “лісты шчасця”, якія трэба пераслаць пяці сябрам у вайберы або ўсемагчымых месэнджарах. Інфармацыя перадаецца з вуснаў у вусны, і ў лепшым выпадку ствараецца эфект сапсаванага тэлефона.

Не варта пужацца – лепш ведаць праўду. Многія беларусы не давяраюць афіцыйнай інфармацыі пра каронавірус. Дзяржаўныя чыноўнікі апраўдваюцца і кажуць: усё пад кантролем, усё нармалёва – не хвалюйцеся, шаноўныя! Добра. Ці маем мы нагоду для стрэсу? Пасля аварыі на ЧАЭС многія хваляваліся, але дакладна нічога не ведалі. І цяпер застаецца адно здагадвацца – што лепш? Ведаць праўду ці заставацца аптымістам і жыць звычайным жыццём? У тым выпадку, калі праз столькі год у вас і вашых родных усё добра са здароўем, можна казаць пра тое, што галоўнае ў жыцці – пазітыўнае мысленне. Маўляў, спужаліся б мы радыяцыі ў 1986, з’ехалі б з Беларусі, спалілі б усе масты і нервы ўсе – і цяпер былі б у пройгрышы, а так…

Не спужаліся і не з’ехалі? Здорава! Захавалі здароўе насуперак радыяцыйным дажджам? Цудоўна! Ёсць адно “але”. Есці грыбы ў 1986-м і хадзіць на дэманстрацыі (варыянты – плантацыі бульбы і буракоў, куды зганялі ў той год вясковых настаўнікаў) не варта было. Не варта ствараць новыя праблемы ў дадатак да рэальна існуючых. Тых, з якімі ў любым выпадку прыдзецца жыць. Не стане ўжо Гомельшчына тым шыкоўным краем для турыстаў, якім магла б стаць без аварыі на ЧАЭС. На гэтым жыццё не заканчваецца. Варта шанаваць тое добрае, што маеш. Варта захаваць розум і спакой і ў выпадку з сусветнай эпідэміяй ковід 19. Можаце застацца дома – заставайцеся дома. Не – працуйце, захоўваючы разумныя меры перасцярогі. Нельга схавацца ад усіх трывог свету ў бункеры – проста рабіце тое, што можаце. Не варта ствараць новыя праблемы ў дадатак да рэальна існуючых. Гэта неразумна, а мы ж чалавекі разумныя, праўда?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ