Пасольства РФ: Беларускія грамадзяне могуць знаходзіцца ў Расеі толькі транзітам пры руху дадому



 Беларускія грамадзяне могуць знаходзіцца ў Расеі толькі транзітам пры руху дадому, паведаміла расейскае пасольства ў Менску. Растлумачэнне прагучала пасля таго, як некаторыя СМІ паведамілі аб адкрыцці мяжы РФ для грамадзян Беларусі.

„У сувязі са зваротамі грамадзян Беларусі, грамадзян дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якія зведваюць пэўныя складанасці з вяртаннем на радзіму з трэціх краін цераз тэрыторыю Расеі, урадам Расейскай Федэрацыі было выдадзенае распараджэнне № 685-р ад 20 сакавіка 2020 года, у адпаведнасці з якім гэтым грамадзянам дазваляецца ўязджаць у Расейскую Федэрацыю цераз паветраныя пункты пропуску, але выключна ў рэжыме транзіту — для далейшага руху ў дзяржаву свайго грамадзянства”, — адзначаецца ў рэлізе дыпмісіі.

16 сакавіка з-за распаўсюджвання каронавіруса COVID-19 урад Расеі забараніў на перыяд з 18 сакавіка па 30 красавіка ўезд іншаземцам, уключаючы грамадзян Беларусі. Пры гэтым дазвалялася перамяшчацца транзітам, але толькі праз аэрапорты, прычым вылецець можна было толькі з аэрапорта прылёту. У сувязі з гэтым у беларускіх грамадзян, якія вярталіся дадому праз Маскву паветраным шляхам, узнікла праблема трансферу з аэрапорта Унукава, адкуль не лятаюць самалёты ў Менск, у Шарамеццева і Дамадзедава, адкуль самалёты ў беларускую сталіцу лятаюць. Адпаведна і наземным шляхам пасля прылёту ў Маскву ці Санкт-Пецярбург рушыць далей дадому магчымасці не было. З 23 сакавіка, калі пастанова ўрада РФ была афіцыйна апублікаваная, такая магчымасць з’явілася.

Федэральнай службе бяспекі Расеі, у падпарадкаванні якой знаходзіцца пагранслужба краіны, даручана „забяспечыць пропуск цераз дзяржаўную мяжу названых грамадзян”, гаворыцца ў дакуменце.

belapan.by