Сталічныя студэнты – за каранцін



 Студэнты большасці найбуйнейшых сталічных ВНУ ўдзельнічалі ў забастоўцы з патрабаваннем увесці каранцін з-за каронавіруса, паведаміў БелаПАН адміністратар тэлеграм-канала „Адлічана” Ігар Кабушкаў.

Раней у гэтым канале была апублікаваная аб’ява пра забастоўку 23 сакавіка.

„Можна сказаць, што большасць найбуйнейшых ВНУ ўдзельнічалі ў акцыі: МДЛУ, БНТУ, БДУІР, БДЭУ. У нейкіх універсітэтах больш, у нейкіх менш. МДЛУ пачаў, а за ім пачалі ўжо падцягвацца іншыя ўніверсітэты, і атрымаўся агульнастудэнцкі байкот. Па колькасці людзей усюды было па-рознаму: дзесьці прыходзілі два-тры чалавекі з групы на пару, а дзесьці 50-60%. Некаторыя лічбы можна атрымаць з нашага апытання, думаю, дзесьці да 40% агульнай колькасці студэнтаў удзельнічалі ў байкоце”, — лічыць Кабушкаў.

Ён адзначыў, што ў якасці меры ў адказ кіраўнікі ВНУ ўвялі ўзмоцнены кантроль наведвання і патрабуюць пісаць тлумачальныя запіскі адсутнасці на занятках.

„Байкот дэцэнтралізаваны, кожны студэнт вырашае сам, колькі яму працягваць байкот пар, а калі ўсё ж пайсці ва ўніверсітэт. Мы з’яўляемся толькі сувязным інфармацыйным звяном”, — сказаў адміністратар тэлеграм-канала.

19 сакавіка студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта абвясцілі аб падрыхтоўцы забастоўкі з патрабаваннем увесці каранцін і дыстанцыйнае навучанне ў ВНУ. З заклікам да забастоўкі выступілі таксама ініцыятывы „Маладзёжны блок” і „Задзіночанне беларускіх студэнтаў”.

17 сакавіка прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая паведаміла БелаПАН, што ВНУ мае права самастойна прымаць меры па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса. „Мы рэкамендавалі скарэктаваць навучальны працэс, а ВНУ самі вырашаюць, як мінімізаваць кантакты, пакідаючы ў раскладзе самыя неабходныя заняткі”, — адзначыла Высоцкая.

Паводле звестак БелаПАН, у ВНУ адмяняюцца патокавыя лекцыі, аднак застаюцца іншыя заняткі, з меншай колькасцю студэнтаў, якія знаходзяцца ў адным памяшканні. Акрамя таго, заняткі пачынаюцца пазней, каб разгрузіць грамадскі транспарт у ранішнюю гадзіну пік. З мінімальнымі інтэрваламі транспарт у сталіцы ходзіць не да 9-й, а да 10-й гадзіны раніцы.

belapan.by

Фота rh.by