З просьбай аб дапамозе ў сувязі з каронавірусам да ЕЗ звярнуліся 17 краін
З просьбай аб фінансавай дапамозе ў сувязі з успышкай новага каронавіруса да Еўразвяза звярнуліся 17 краін, уключаючы Іран і Венесуэлу. Аб гэтым паведаміў вярхоўны прадстаўнік па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі ЕЗ Жазэп Барэль па выніках пасяджэння міністраў замежных спраў 27 дзяржаў супольнасці ў фармаце відэаканферэнцыі.
На вуліцах Тэгерана. Фота Сіньхуа – БЕЛТА
„Сямнаццаць краін папрасілі аб фінансавай дапамозе, Іран і Венесуэла сярод іх”, – сказаў Жазэп Барэль. На яго думку, у такой сітуацыі ЕЗ павінен дапамагчы ім.
На пасяджэнні кіраўнікі МЗС разгледзелі, у прыватнасці, сітуацыю з каронавірусам у Іране, якая застаецца адной з самых складаных у свеце. „Мы абмеркавалі Іран, дзе цяпер склалася драматычная сітуацыя. Чакаем, што ў бліжэйшыя тыдні зможам выдзеліць 20 млн еўра дапамогі”, – сказаў Жазэп Барэль.
Ён расказаў, што многія не могуць дапамагчы Ірану, думаючы, што на іх распаўсюдзяцца абмежавальныя меры ЗША. „Але прадукты харчавання, медыцынскія сродкі не трапляюць пад амерыканскія санкцыі. Гэта краіна мае патрэбу ў фінансавых рэсурсах”, – дадаў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ.
Згодна з апошняй інфармацыяй, колькасць заражаных каронавірусам у Іране склала крыху больш як 23 тыс., памерлі 1812 чалавек.