Куды знік архіў БНР?



Куды мог знікнуць архіў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, які яе будучы прэзідэнт Мікола Абрамчык вывез падчас Другой сусветнай вайны з Прагі? Кажа архівістка Наталля Гардзіенка:

– Загадка – знакаміты архіў БНР вывезены Міколам Абрамчыкам з Прагі. Дзве валізкі дакументаў. Да сваёй смерці ў 1970-м годзе трымаў, нібыта, у сябе ў хаце. Што было ў гэтых валізках, мы ведаем вельмі прыблізна. Па згадках у „Споведзі” Ларысы Геніюш, лёс гэты двух валізак на сёння так і застаецца невядомым. Вельмі шмат было меркаванняў, што зрабіла Ніна Абрамчык. Ці яна іх прадала камусьці, ці яна іх пахавала разам з мужам.

Не толькі наступнікі Міколы Абрамчыка і навукоўцы цікавіліся архівам Рады БНР, за дакументамі палявалі і агенты КГБ. Магчыма, гэта яны праз падстаўных асобаў выкупілі ці выкралі архіў.

Пахаванне прэзідэнта Рады БНР Васіля Захаркі, Прага, 19.III.1943 г. На фота: другі злева Міхаіл Забэйда-Суміцкі, дзеяч УНР Ісаак Мазэпа, Юрый Геніюш, Мікола Абрамчык, Васіль Русак.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Скарынаўская бібліятэка ў Лондане.