Пра бясстрашных беларускіх генералаў
Беларускія генералы вірусаў не баяцца. Ніякіх. Ва ўсім свеце адмяняюцца масавыя мерапрыемствы, уводзяцца каранціны. А ў Беларусі ўсё наадварот. У нас – маштабныя комплексныя вучэнні Узброеных сіл з удзелам шасці тысячаў салдат. І, на жаль, войска – гэта не школа і не ВНУ, там у Народны каранцін не пойдзеш.
Праверка баявой гатоўнасці, як паведамляецца на сайце Міністэрства абароны, — гэта “адна з мер рэагавання на шматнацыянальныя манеўры НАТА каля нашых межаў”. Крута. То бок пра каронавірус беларускія генералы нічога не чулі. Пра тое, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя раіць уводзіць каранцінныя меры і папярэджвае, што вірус распаўсюджваецца ўсё хутчэй, таксама, відаць, нічога не чулі. Прычым маладыя людзі таксама могуць быць інфікаванымі каронавірусам. Напрыклад, прафесар эпідэміялогіі з Гарвардскай школы Марк Ліпсітц у каментары BBC сказаў, што “ў маладых людзей хвароба працякае ў найлягчэйшай форме, але і сярод іх могуць быць найбольш цяжкія формы”. Але калі беларускія генералы думалі пра салдат? Яны лепей будуць змагацца з міфічнымі ворагамі, чым з сапраўднай пагрозай. Цікава толькі, чым збіраюцца лячыць беларускіх салдат у выпадку чаго? Як і раней, ёдам і аспірынам? Ці як раіў галоўны вірусолаг, трактарамі?
А ўвогуле, калі беларускія генералы ніякіх вірусаў не баяцца, то няхай яны ідуць працаваць лепей валанцёрамі ў бальніцы. У сучасных умовах ад гэтага будзе найбольшая карысць.