Трэці танкер з азербайджанскай нафтай для Беларусі ўжо ў Адэсе



Трэці танкер з 85 тысячамі тон азербайджанскай нафты для Беларусі прыбыў у порт Адэсы, паведаміў прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.

„Танкер у Адэсе з раніцы стаў пад разгрузку. Нафту на Мазырскі НПЗ прапампуюць да канца сакавіка”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.

Танкер прыбыў з грузінскага порта Супса.

Як паведамлялася, Беларусь дамовілася з дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азербайджана Socar на пастаўку ў сакавіку каля 250 тысяч тон нафты – гэта тры танкеры. Старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў паведамляў, што Socar у 2020 годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.

Акрамя таго, у сакавіку чакаюць у порце Клайпеды чатыры танкеры з нафтай для ААТ „Нафтан”. Тры з іх ужо даставілі сыравіну ў літоўскі порт.

Сумарны аб’ём паставак нафты з розных крыніц на беларускія НПЗ у сакавіку складзе каля 1 млн т. У студзені і лютым яны працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты.

belta.by