Эдвард Дмухоўскі: Лепшыя святкаванні Дня Волі былі ў 90-я гады ХХ стагоддзя
25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. У сярэдзіне 90-х – пачатку 2000-х гадоў гэтае свята адзначалася шматлюдна са святочнымі паседжаннямі.
Пра святкаванне Дня Волі ўзгадвае грамадскі актывіст Эдвард Дмухоўскі:
– Гэта было свята, вялікае свята. Традыцыйна адбываліся вялікія акцыі, мітынгі, мітынгі палітычна накіраваныя. Былі перашкоды, але гэтыя перашкоды нейкім чынам пераадольваліся. Так ці інакш людзі выходзілі на вуліцы нашага горада і святкавалі. Заўсёды было добрае надвор’е. Заўсёды было вельмі шмат сцягоў. Былі таксама ўрачыстыя паседжанні ў 90-ыя гады. Гэтыя паседжанні адбываліся ў лялечным тэатры. І гэта ўсё было прыгожа.
На думку Эдуарда Дмухоўскага, найбольш запамінальнымі былі святкаванні Дня Волі 1996-97 гадоў.
– Гэта 1996 годы ў Гародні і 1997 год у Менску. А пасля ў Гародні. На плошчы Леніна, здаецца ў 1997 годзе, мы яе перайменавалі ў Пляц Волі, зрабілі ляльку, падобную на аднаго „гражданіна”, цягалі гэтую ляльку, піналі гэтую ляльку. Затым гэтую ляльку нейкі ціхар забраў, павалок праз натоўп, з улюлюканнем усе праводзілі. А пасля ўсе пайшлі ў лялечны тэатр. Там зажыгалі знакамітыя “Дударыкі”. І, канешне, вывешвалі сцягі. Сцягоў было вельмі шмат.
Сёлетняе святкаванне Дня Волі адмененае з-за каронавіруса, а большасць грамадскіх актыўнасцяў перанесеныя ў анлайн.
Беларускае Радыё Рацыя