Расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі



Расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, каментуючы 24 сакавіка журналістам у Менску дасягнутыя беларуска-расейскія нафтавыя дамоўленасці.

„Беларусь з канца мінулага года вяла перамовы аб тым, што нафта для перапрацоўкі на нашы НПЗ расейскімі кампаніямі павінна пастаўляцца без прэміі”, — нагадаў Румас, відэафрагмент выступлення якога размясціла ў „Фэйсбуку” прэс-сакратар урада Аляксандра Ісаева.

Паводле яго слоў, прэмія ў цане на тону нафты складае 11,7 долара. „Толькі літаральна ў суботу мы дасягнулі дамоўленасці з расейскім урадам аб тым, што ўсе расейскія кампаніі змогуць пастаўляць нафту без прэміі. З гэтай прэміі ў 11,7 долара 7 долараў зніжаюць кампаніі, то бок кампаніі будуць пастаўляць з прэміяй 4,7 долара. Вось гэтыя 4,7 долара будуць урэгуляваны міжбюджэтнымі разлікамі — урад Расейскай Федэрацыі возьме гэтыя 4,7 долара на сябе”, — расказаў прэм’ер-міністр.

Румас таксама растлумачыў, на якіх умовах будзе пастаўляць нафту кампанія „Раснефць”, якая напярэдадні, 23 сакавіка, пацвердзіла планы аднаўлення паставак у Беларусь.

„Што тычыцца ўчарашняй публікацыі „Раснефці”, то хачу сказаць, што „Раснефць”, як і іншыя кампаніі, не згаджалася пастаўляць нафту без прэміі, а настойвала на выплаце поўнай прэміі за нафту”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

„І Рэспубліка Беларусь будзе выбіраць нафтавыя кампаніі, якія прапануюць лепшыя ўмовы пастаўкі нафты. Напрыклад, дадуць вялікую адтэрміноўку выплаты за нафту”, — дапоўніў кіраўнік беларускага ўрада.

„Таму яшчэ далёка не факт, што „Раснефць” апынецца ў ліку пастаўшчыкоў нафты. У першую чаргу будзем аддаваць прыярытэт тым кампаніям, якія ў гэты складаны для нас час, першы квартал, пастаўлялі нафту на нафтаперапрацоўчыя заводы без прэміі. Гэта кампаніі Гуцарыева, гэта невялікія кампаніі. Вось ім пры іншых роўных умовах будзе аддадзены безумоўны прыярытэт”, — падсумаваў Румас.

„Белнафтахім” пакуль не дамовіўся аб пастаўках нафты з буйнымі расійскімі кампаніямі. Яны настойвалі на прэміі да цаны нафты. Мінск адмаўляўся яе плаціць, паколькі расійская сыравіна і так даражэе з-за падатковага манеўру. У гэтым годзе, згодна з індыкатыўным балансам, пастаўкі расійскай нафты павінны скласці 24 млн тон, аднак Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэмію расійскім нафтавым кампаніям, раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.

Адзіным пастаўшчыком расійскай сыравіны ў пачатку года з’яўляліся нафтавыя кампаніі групы „Сафмар” бізнесмена Міхаіла Гуцарыева, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі.

На фоне рознагалоссяў па цане на сыравіну з буйнымі расійскімі кампаніямі Беларусь закупляе нафту ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. Нават у выпадку нармалізацыі паставак з Расіі Беларусь мае намер штомесяц купляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты, заявіў Сяргей Румас пасля сустрэчы з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным 11 сакавіка ў Маскве.

belapan.by