Візіт Лукашэнкі ў Латвію перанесены на пазнейшы час



Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Латвію перанесены на больш позні тэрмін. Гэта тлумачыцца ўвядзеннем надзвычайнага становішча ў Латвіі ў сувязі з распаўсюдам каронавіруса.

Перанос візіту стаў адной з тэм тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам, якая адбылася з ініцыятывы латвійскага боку. Паводле інфармацыі БЕЛТА, Лукашэнка з разуменнем паставіўся да пераносу даты візіту ў Рыгу.

Як паведамлялася раней, візіт беларускага кіраўніка ў Латвію быў прызначаны на 3 красавіка.

У  гутарцы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі таксама гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва — перш за ўсё гаворка ішла пра транспартаванне грузаў, транзіт энергарэсурсаў, вытворчую кааперацыю. Асобна была ўзнятая тэма падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі. Ён павінен прайсці ў 2021 годзе ў Беларусі і Латвіі.

Лукашэнка выказаў асобную падзяку латвійскаму калегу за дапамогу ў вывазе беларускіх дзяцей з санаторыя ў Юрмале.

Беларускае Радыё Рацыя