Алесь Мазанік: „Шоў беларушчыны” – гэта праява дзейнасці
„Шоў беларушчыны” – гэта эмацыйная ўспышка, гульня і віктарына, але гаворка ідзе і пра вельмі сур’ёзныя рэчы, кажа арганізатар шоў, менеджэр культурніцкіх праектаў, стваральнік і кіраўнік інтэрнэт-крамы imbryk.by Алесь Мазанік з якім пагутарыла Яна Запольская.
РР: У праграме „Сталкеры Свабоды” вы прыгадвалі пра тое, што з самага маладога ўзросту, 15-16 гадоў, вас ужо цягнула да беларускасці. Калі можна некалькі слоў, адкуль гэта пачалося? Ці прыгадваеце першую самастойную культурніцкую акцыю, якую вы прыдумалі або арганізавалі?
Алесь Мазанік: Агулам так, я хачу сказаць, што вось у гэтым годзе спаўняецца 10 гадоў, як я акурат акцыю правёў, напэўна, з гэтага і пачну. У нас хутка будзе Дзень роднай мовы 21 лютага. 10 гадоў таму была акцыя, калі пад Дзень роднай мовы мы раздавалі мінакам улёткі, у якіх было напісана, што мы заклікаем і звяртаемся да вас браты-беларусы, што калі мы ўсе жывем у Менску, у Беларусі, лічым сябе беларусамі, то варта хаця б адзін дзень паспрабаваць размаўляць па-беларуску. Уласна кажучы, гэта была такая ініцыятыва людзей абсалютна не заангажаваных у палітыку, людзей недатычных да партый, рухаў – гэта была проста моладзь, якой было цікава нешта правесці. Мы тады ў свой час гэта зрабілі, і з гэтага ўсё пачалося.
РР: Вы з’яўляецеся заснавальнікам і кіраўніком інтэрнэт-кнігарні imbryk.by, што для вас гэта кнігарня, ці гэта чыста фінансавы праект?
Алесь Мазанік: Я па прафесіі эканаміст-менеджэр і, безумоўна, любы бізнес мусіць быць прыбытковым, то бок ва ўмовах сучаснай Беларусі, на жаль, няма тых перспектыў, няма тых магчымасцяў, калі можна арганізаваць нейкі там супер-пупер рэкламны тур па Беларусі, запрасіць музыкаў. Заўсёды могуць быць пытанні, таму інтэрнэт-крама для мяне – гэта ў першую чаргу магчымасць данесці звычайным людзям, што можна знайсці ў адным месцы цудоўныя, займальныя настольныя гульні па-беларуску, кніжкі, фільмы, сувеніры, паштоўкі, то бок тое, чаго бракуе, калі мы ходзім па горадзе. Вельмі часта я сустракаюся з людзьмі, 10 гадоў адпрацаваўшы на ніве распаўсюду беларушчыны, прасоўвання беларушчыны, сустракаюся з людзьмі, якія мне кажуць: „Слухайце, а вось як гэта так, мы раней хадзілі па горадзе, мы з вамі не сустракаліся, мы не бачылі нейкія кропкі, дзе гэта прадаецца”. Зараз, калі сучаснае пакаленне – гэта толькі сеціва, ну не толькі сеціва, але ўсё ідзе праз сеціва, то нават калі б мне сказалі 5 гадоў таму, што я буду нейкую інфармацыю шукаць не праз даведку, а праз сеціва, я б не паверыў. Зараз гэта натуральна, што калі нам патрэбны нейкі адрас, ці пайсці ў краму, то мы ў першую чаргу залазім на гугл і шукаем. Таму інтэрнэт-крама для мяне – гэта такая вось неабходнасць, але ў той жа час гэта толькі адна з прыступак у развіцці.
РР: Мы сустракаемся яшчэ ў Беластоку, цяпер вы едзеце ў Варшаву. Што чакае тых, хто прыйдзе на „Шоў беларушчыны”, прыадкрыйце завесу.
Алесь Мазанік: Кожнае падобнае „Шоў беларушчыны” – гэта збольшага імправізацыя, у Варшаве будзе прэзентавана класічная праграма. 10 гадоў таму, калі казаць дакладней, то ў 1997 годзе пачаліся курсы „Дыджэі Адраджэння”, якія пачаў кіраўнік „Маладога Фронту” – заснавальнік „Маладога Фронту” Павел Севярынец. Зараз ідзе дзясяты выпуск курсаў „Дыджэі Адраджэння” і я з’яўляюся студэнтам і чалавекам, які нягледзячы на не адну вышэйшую адукацыю, і нават не на дзве, я заўсёды імкнуся да самаразвіцця. Вось гэтыя курсы, у якіх ёсць галоўны прынцып, што нацыянальная ідэя – гэта ў першую чаргу, канешне, беларушчына, але і хрысціянскі змест. Калі мы будзем рабіць нейкія справы толькі абапіраючыся на беларушчыну, але пры гэтым ужываць моцны алкаголь, забіваць, красці, здраджваць і г.д., то не будзе ў нас сапраўднага беларускага жыцця. Таму ў „Шоў беларушчыны” я паказваю тое, што Беларусь перадусім – гэта нацыянальнае, культурнае і эмацыйнае развіццё, але, безумоўна, варта прытрымлівацца хрысціянскіх каштоўнасцяў. Варта глядзець на жыццё такім чынам, што свет пачынаецца з цябе, калі ты хочаш, каб стала лепей, то спачатку ты павінен для гэтага свету нешта зрабіць, а не чакаць ад яго нейкага першага кроку.
РР: На колькі лёгка такія складаныя тэмы даносіць, бо ў Берасці вы, напрыклад, вы праводзілі заняткі для дзетак у межах курсаў „Мова-нанова”?
Алесь Мазанік: Атрымалася, што былі два заняткі – першыя былі для дзетак-першакласнікаў, а другія для студэнтаў. „Мова нанова дзеткам”, а другія для студэнтаў „Мова нанова для дарослых”. З дзеткамі я паразмаўляў на простыя, банальныя пытанні: „Дзе мы знаходзімся?”, „У якой краіне?”, „Якія людзі жывуць?”, „Што гатуюць бабуля і дзядуля?” і г.д. Даведаўся, напрыклад, што ў сучаснага пакалення, можа быць мне такія дзеткі ўнікальныя трапіліся, але даведаўся, калі запытваўся: „Што вам гатуе бабуля і дзядуля ў вёсцы?”, то я, безумоўна, намякаў на дранікі, мачанку, на нешта яшчэ, на дзеруны тыя ж. Я чакаў чагосьці вось такога, а пачуў шашлыкі. Задумаўся пра тое, што цікавыя пайшлі бабулі-дзядулі ў вёсцы. Ведаеце, справа ў тым, што чым раней чалавек пачне вось нешта асэнсоўваць, чым раней ён пачуе хаця б адно са сказаных дзесяці слоў, тым раней ён да гэтага прыйдзе. Безумоўна, з дзецьмі размаўляў своеасабліва, з дарослымі своеасабліва. З грамадой, якая збярэцца ў Варшаве, буду размаўляць таксама своеасабліва, але я кажу, што „Шоў беларушчыны” – гэта перадусім імправізацыя, гэта перадусім такая праява дзейнасці, калі кожны чалавек можа быць удзельнікам, калі кожны чалавек можа адчуць на гэтым шоў, што ён нешта можа.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя