У Берасці Дзень Волі адзначаць вулічнай фотавыставай



Пра гэта паведамляе агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. На мерапрыемстве можна будзе пабачыць жыццё Берасця і наваколіц напярэдадні абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Пра значэнне гэтага дня кажа мясцовы краязнаўца Ігар Бараноўскі:

– Беларусы абвясцілі свету пра тое, што жадаюць жыць незалежна ад іншых, будаваць сваю дзяржаву. Таксама дзень памяці тых людзей, якія прысвяцілі сябе будаванню беларускай дзяржаўнасці. У гэты дзень мы таксама нашых землякоў згадваем – братоў Цвікевічаў, Пятра Крэчаўскага, які паходзіць з Кобрыншчыны, Рамана Скірмунта з Піншчыны. Гэта дзень таксама ўсіх людзей, якія тварылі, працавалі для Беларусі.

Адкрыецца выстава, прысвечаная Дню Волі, 25 сакавіка 2020 года ў дворыку Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”, што на вуліцы Маякоўскага 46/1. Пачатак а 18:00.

Беларускае Радыё Рацыя