Алена Янушкоўская: “Лепш бы я адсядзела 90 сутак”



Віцебская блогерка і актывістка вінная дзяржаве каля тысячы даляраў. Гэта штрафы, прысуджаныя ёй за ўдзел у акцыях супраць так званай паглыбленай інтэграцыі, што прыходзілі ў снежні мінулага года ў Віцебску і Менску.

Усяго штрафаў было 6, але палову ўдалося сплаціць дзякуючы ахвяраванням салідарных беларусаў, сабраных праз сайт molamola, распавяла Алена Янушкоўская:

– Я была гатова, бо я ведала, што штрафы будуць…  Але ж каб такія грошы, што аж вочы на лоб! Адкуль у беларусаў такія грошы? Мне сорамна, што я павінна стаяць з працягнутай рукой і прасіць гэтыя грошы. Мне людзі часам кладуць па рублі, па два на тэлефон, і гэта салідарнасць! Гэта каштоўнасць аграменная!

Збор сродкаў працягваецца, але, паводле актывісткі, для яе прасцей было б “адсядзець” па 15 сутак замест кожнага штрафа. Суды вырашылі іначай, і яна стала лідаркай сярод аштрафаваных за акцыі ў падтрымку беларускага суверэнітэту. Як сплаціць штрафы, што яшчэ засталіся, Алена Янушкоўская не ўяўляе. Яна звярталася ў суды, каб ёй дазволілі адтэрміноўку на 6 месяцаў. Аднак атрымала адмову з не зразумелай для яе аргументацыяй: таму, што яна беспрацоўная. Уладкавацца на працу актывістка не можа: на некваліфікаваную працу кшталту прыбіральшчыцы дазволу не даюць медыкі, але яны ж не даюць ёй і групу інваліднасці па хранічным захворванні. Да таго ж за апошнія два месяцы Алена Янушкоўская перанесла дзве аперацыі, і паўгода яна ўвогуле павінна заставацца на рэабілітацыйным рэжыме. Зараз клопат пра яе ўзяла на сябе дачка, а ўсяго ў Алены Янушкоўскай шасцёра дзяцей, пяцёра з якіх – прыёмныя. І сацыяльна арыентаваная дзяржава, як пра Беларусь кажуць па тэлевізары, абсалютна не зважае на праблемы сваёй грамадзянкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Дыяграма з сайта spring96.org