Якая сацыяльная група магла б падтрымаць “народны каранцін”?
Некаторыя апазіцыйныя лідары заклікаюць беларусаў сысці на каранцін, не чакаючы загаду зверху. Пад зваротам, які распаўсюдзілі шэраг незалежных рэсурсаў, стаяць подпісы вядомых асобаў, якія досыць пераканаўча гавораць насельніцтву пра небяспеку ад каронавіруснай інфекцыі. Праблема з гэтым зваротам адна: ніводзін з падпісантаў не мае паўнамоцтваў на тое, каб перавесці эканоміку ў крызісны рэжым.
Беларусы ў сацыяльных сетках справядліва пытаюць аўтараў звароту: “А што рабіць тым, хто вымушаны штодня хадзіць на працу на прадпрыемства, каб пракарміць свае сем’і?” Сапраўды, будаўніка, працоўнага на хімзаводзе, кіроўцу грамадскага транспарту альбо касіра з гіпермаркету ўявіць на аддаленай працы немагчыма. Больш таго, кабальная кантрактная сістэма ў Беларусі трымае такіх работнікаў на кароткім ланцугу. У аднабаковым парадку, калі наёмны работнік і клапоціцца пра сваё здароўе, ён не можа прыняць рашэнне пра сыход на каранцін. Такія паводзіны дорага будуць яму каштаваць у плане наступстваў. У нашай сітуацыі невядома, што горш: рызыка каронавіруса альбо страта кармільцам працы. Інакш кажучы, народны каранцін ва ўмовах беларускай дзяржавы, якая робіць выгляд, што ўсё ў парадку, – гэта гучная медыйная акцыя, але ўтопія ў плане рэалізацыі.
На “народны каранцін” могуць сабе дазволіць сысці прадстаўнікі інавацыйных прафесій (іт-спецыялісты і фрылансеры). Гэтыя катэгорыі насельніцтва, зрэшты, і ў ранейшы час, калі не было пандэміі каронавірусу, часцяком маглі выконваць працу з дому. Астатняе насельніцтва залежыць ад добрай волі кіраўніцтва дзяржавы, якое павінна выявіць клопат пра грамадзянаў. Аднак рэчаіснасць такая, што беларуская дзяржава дакладна акрэсліла прыярытэт: эканоміка перадусім. У кіраўніцтве краіны выдатна разумеюць пагрозу ад пошасці, перад якой аказаліся малаэфектыўнымі нават суперсучасныя медычныя сістэмы развітых краінаў, не кажучы пра постсавецкую Беларусь. Таму яны абралі цалкам прадказальную лінію паводзінаў: рабіць выгляд, што нас гэта праблема датычыць у малой ступені. Глядзіш, і пранясе як-небудзь. Тым больш, рабіць паўнавартасны каранцін у тым выглядзе, як гэта робяць улады Італіі, Нямеччыны ці Польшчы, – непад’ёмны цяжар для нашай гаспадаркі, якую кідае ў ліхаманку і без каронавірусных выпрабаванняў.
Асобная тэма – пенсіянеры, якія і з’яўляюцца асноўнай групай рызыкі для падступнага covid-19. На жаль, акрамя дзяжурных фраз, беларуская дзяржава не загадала нашым паслухмяным пенсіянерам застацца дома і пазбягаць месцаў масавага скопішча народу. Таму, у адрозненне ад суседніх краін, пенсіянеры дагэтуль у разгар працоўнага дня складаюць большасць сярод пакупнікоў у крамах і на рынках, ездзяць без дадатковых захадаў засцярогі ў грамадскім транспарце… Гэта і не дзіўна, бо пажылым беларусам няма на каго разлічваць. Сістэма сацыяльнай работы ў Беларусі пераўтварылася ў малаэфектыўныя нізавыя аддзелы сацзабеспячэння райвыканкамаў, якія займаюцца няўдзячнымі пытаннямі размеркавання гуманітаркі і арганізацыяй дасуга пенсіянераў. Няма надзеі таксама і на грамадскія арганізацыі. За апошнюю чвэрць стагоддзя ў Беларусі ствараліся скрайне таксічныя ўмовы для грамадзянскай супольнасці, у выніку чаго выжылі адзінкі эфектыўных НДА. А карысці ад псеўдаграмадскіх аб’яднанняў кшталту БРСМ, “Белай Русі”, прафсаюзаў і ветэранскіх арганізацый, якія займаюцца імітацыяй дзейнасці, ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі няма. Такім чынам, менавіта пенсіянеры маглі б стаць той групай насельніцтва, якая з удзячнасцю адрэагавала б на заклік апазіцыйных лідараў аб народным каранціне і падтрымала б гэтыя пачынанні.