Пандэмія каронавірусу – сітуацыя на вечар 24 сакавіка
Дзень 24 сакавіка не прынёс аптымістычных навінаў у сітуацыі з пандэміяй каронавірусу. Няўхільна працягвае расці колькасць людзей, якія заразіліся каронавірусам і колькасць памерлых у выніку заражэння.
Сітуацыя ў Італіі па-ранейшаму выглядае трагічна, за апошні дзень памерлі 743 чалавекі (пасля двух сутак зніжэння смяротнасці яна зноў пайшла ўгару – на 142 смерці больш чым за папярэднія суткі). Агульная колькасць ахвяр эпідэміі ў Італіі складае ўжо 6 820 чалавек. Вельмі небяспечнай застаецца сітуацыя і ў Іспаніі, дзе за суткі памерлі 489 чалавек (зноў больш, чым днём раней). У Кітаі яна стабілізавалася – за суткі памерлі 7 чалавек. У Паўднёвай Карэі і Японіі таксама вельмі пазітыўная дынаміка.
Колькасць інфікаваных COVID-19 на вечар 24 сакавіка па ўсім свеце перавысіла 400 тысяч і складае 414 029 чалавек. 108 293 чалавек вылечылася. Пра гэта паведамляе рэсурс Worldometer.
Усяго на планеце ўжо 28 краін, дзе колькасць захварэўшых перавысіла 1 тысячу чалавек. 24 сакавіка да гэтага пераліку дадаліся яшчэ дзве краіны – Люксембург і Эквадор.
Агульная колькасць ахвяраў каронавірусу ў свеце дасягнула 18 543 чалавекі, за апошнія суткі памерла 2 036 чалавек (гэта зноў больш, чым за папярэдні дзень).
Найбольш памерлых за ўвесь час зафіксавана ў Італіі – 6 820 чалавек.
Далей у гэтай сумнай статыстыцы ідуць:
Кітай – 3 277
Іспанія – 2 800.
Іран – 1 934
Францыя – 1 100
ЗША – 658
Вялікабрытанія – 422
Нідэрлянды – 276
Германія – 156
Швайцарыя – 122
Бельгія – 122
Паводле афіцыйных звестак сітуацыя ў суседніх з Беларуссю краінах наступная:
Польшча – 848 інфікаваных – 9 чалавек памерлі;
Расея – 495 – афіцыйна 1 смерць;
Літва – 203 – 1;
Латвія – 197 – смяротных выпадкаў не зафіксавана;
Украіна – 97 – памерлі 3 чалавекі.
Паводле апошніх звестак у Беларусі 81 інфікаваны, фактаў смерці афіцыйна не падавалася.
Беларускае Радыё Рацыя