Апошняе пажаданне Пятра Лысенкі



Адным з апошніх пажаданняў археолага, доктара гістарычных навук Пятра Лысенкі было наданне статусу помніка сусветнай спадчыны ЮНЕСКА музею “Бярэсце”.

Такую думку ён выказваў яшчэ на навуковай канферэнцыі, прысвечанай 1000-годдзю Берасця. На дадзены момант установа не можа прэтэндаваць на такі статус, бо з’яўляецца толькі філіяй Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея. Статус асобнага музея зварушыў бы з месца гэтае пытанне:

– Статус філіяла тармозіць развіццё музея „Бярэсце” і перашкаджае яго ўключэнню ў спіс спадычыны ЮНЕСКА. З гэтага статусу музей “Бярэсце” неабходна выводзіць. Даследаванні старажытнага Бярэсця трапляюць у такую графу, якая ўяўляе сабой значны гонар для нашай краіны, для нашага горада з прычыны незвычанйных выяўленых збудаванняў.

Пётр Лысенка – даследчык тэрыторыі цяперашняга Валынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці, дзе колісь месціўся старажытны горад Бярэсце. Памёр 23 сакавіка 2020 года. У выніку ягоных даследаванняў былі выяўлены драўляныя мескія пабудовы ХІІІ стагоддзя і прадметы. Пазней частка выяўленых пабудоваў была закансервавана і схавана пад саркафагам цяпер вядомым пад назвай – музей “Бярэсце”. Ён унікальны ў сваім родзе ў Еўропе, бо там можна пабачыць фрагмент парэшткаў драўлянага сярэднявечнага славянскага горада.

Беларускае Радыё Рацыя