Дзве новыя кнігі Сяргея Чыгрына



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыла кніга пісьменніка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына пад назвай “Слонімскі драматычны тэатр”. Прыгожае выданне аздоблена шматлікімі фотаздымкамі – сцэнамі са спектакляў, якія аўтар на працягу трох дзясяткаў гадоў збіраў у свой прыватны архіў. Гэта не толькі фотаздымкі сцэн са спектакляў, але і здымкі многіх цікавых тэатральных афіш. 

Аўтар кнігі таксама распавядае пра гістарычны шлях развіцця тэатральнага мастацтва ў Слоніме, пачынаючы са Слонімскага школьнага тэатра XVIII стагоддзя да сённяшніх дзён. Прыгожае выданне прымеркавана да 30-годдзя дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі драматычны тэатр”, якое калектыў адзначае сёлета.

У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшаў з друку і новы паэтычны зборнік Сяргея Чыгрына “Едуць гетманы ў Слонім”. У зборнік увайшлі вершы аўтара, прысвечаныя яго роднаму гораду над Шчарай і знакамітым землякам. Зборнік аздоблены малюнкамі мясцовага мастака Васіля Грыневіча.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя