Польшча падоўжыла закрыццё сваіх граніц да 13 красавіка
Міністэрства аховы здароўя Польшчы інфармуе пра 31 новы выпадак заражэння каронавірусам і смерць чарговай асобы – 71-гадовага мужчыны. Агулам у краіне зарэгістравана 957 выпадкаў каронавірусу, у тым ліку 13 – са смяротным вынікам. Таксама стала вядома, што Польшча падоўжыла закрыццё ўсіх сваіх граніц да 13-га красавіка. Ранейшае рашэнне пра закрыццё граніц тычылася перыяду з 15 па 25 сакавіка.
Цяпер гэтае рашэнне працягнулі на чарговыя 20 дзён. Пры гэтым граніцы надалей адкрытыя для перамяшчэння тавараў.
* * *
У Польшчы ад COVID-19 памерлі ўжо дванаццаць чалавек. У шпіталі ва Ўроцлаве памерлі два мужчыны – ва ўзросце 41 і 71 гадоў. Паводле апошняй інфармацыі Міністэрства здароўя, колькасць заражаных каронавірусам узрасла да дзевяцісот дваццаці сямі. У Падляшскім ваяводстве афіцыйна паведамляецца пра сем пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам.
Як мы ўжо паведамлялі, з 25 сакавіка ў Польшчы ўводзяцца новыя абмежаванні ў сувязі са станам эпідэміі каронавіруса ў краіне. Яны скіраваныя на тое, каб расцягнуць колькасць заражэнняў каронавірусам у часе, што дае найперш магчымасці працаваць сістэме аховы здароўя.
Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі патлумачыў, што абавязковая забарона выходзіць з дому, за выключэннем некаторых выпадкаў.
За неабгрунтаванае парушэнне ўведзеных абмежаванняў пагражае штраф памерам 5000 злотых. Раней за парушэнне ўмоваў знаходжання на каранціне ўвялі штраф памерам 30 тысяч злотых. Новыя абмежаванні ўводзяцца ад 25 сакавіка да 11 красавіка ўключна. Пры гэтым паведамляецца, што раней уведзеныя ў сувязі з эпідэміяй абмежаванні таксама застаюцца ў сіле.
Беларускае Радыё Рацыя