Дзень Волі на фотавыставе ў Гародні



Фотахроніку святкавання Дня Волі ў Гародні за апошнія дзесяцігоддзі можна пабачыць на адмысловай выставе ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Пра стварэнне выставы распавядае яе куратар Сяргей Герман:

– Гародня – месца вельмі сімвалічнае, наўпрост звязанае з гісторыяй абвяшчэння БНР. Паколькі першыя ўгодкі адзначаліся менавіта тут у сакавіку 1919 года. І вырашылі такім чынам паказаць, што ў Гародні, як і ва ўсёй Беларусі, жывуць свабодныя людзі, для якіх гэта падзея ў нейкім сэнсе лёсавызначальная.

На думку Сяргея Германа, найбольш значныя і шматлюдныя адзначэнні гэтага Дня былі ў пачатку 2000-х гадоў.

– Самыя масавыя адзначэнні былі, напэўна, у пачатку 2000-х. Але не трэба забываць 2019 год, калі Гародня стала цэнтрам святкавання Дня Волі ў межах цэлай краіны. Досыць масавыя акцыі былі і ў канцы 90-х, варта адзначыць, што ў 1992 годзе выйшаў першы нумар гарадзенскай газеты “Пагоня”, прысвечаны якраз угодкам.

Пабачыць унікальную гарадзенскую выставу можна цягам месяца ў Цэнтры гарадскога жыцця.     

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня