Хатні рэжым



Хто б там што ні казаў, але каранцін у любым варыянце – справа няпростая.

Безумоўна, прасцей, калі ўлады ўсё раскладуць па палічках і спакойна праінфармуюць насельніцтва на тэму, хто і як доўга павінен заставацца дома, што будзе, калі грамадзяне не паслухаюцца. Чалавек – істота сацыяльная, і падчас ад наведвання грамадскіх месцаў яго зможа стрымаць толькі штраф, асабліва штраф у буйным памеры. Калі ж табе кажуць, што ніякіх каранцінаў эканоміка тваёй дзяржавы не вытрымае (ты і сам здагадваешся, што гэта дзяржава на парозе чарговага гаспадарчага “шухеру”…), то застацца дома можа прымусіць сіла волі і разуменне таго, што гэта будзе правільней у дадзенай сітуацыі.

Дыстанцыйная праца – рэальны варыянт для многіх журналістаў і праграмістаў, але спалучэнне дыстанцыйнай працы дарослых з незапланаванымі вакацыямі школьнікаў і дашкольнікаў – тэма асобная. Працаваць самому і спрабаваць вучыць дзяцей няпроста. У нашай цудоўнай IT-краіне не прадугледжанае дыстанцыйнае навучанне школьнікаў. Выключэнне – некаторыя прыватныя прэстыжныя школы.

Айчынная школа – лагічны працяг і адлюстраванне дзяржаўнай палітыкі. Калі самі-ведаеце-хто не носіць павязку і не прызнае (публічна не прызнае – важны момант!) хваробу, то што можа зрабіць звычайны настаўнік – зусім не герой, а просты чалавек са сваімі праблемамі і банкаўскмі пазыкамі – у дадзенай сітуацыі? Звычайны настаўнік можа проста прамаўчаць. Не маніць. Рабіць тое, што лічыць патрэбным, і дазволіць гэта іншым. Існуе пазіцыя школаў не расказваць бацькам пра іх права забраць дзяцей на карантын без рэглямэнтацыі дзён пропускаў, але такое права ёсць. І закон вышэйшы за некаторыя дробныя ўказіўкі. Вы таксама не павінны ісці ў амбулаторыю па медыцынскую даведку.

Ваша задача – пратрымацца дома з дзецьмі пэўны час, не “забіваючы” на працу і не псіхуючы моцна з-за навалы хатніх справаў і дзіцячых капрызаў. Вучыцца дома – нас гэтаму не вучылі… Можа, варта па прапанове вядомай настаўніцы і пісьменніцы Ганны Севярынец дайсці да кніжак? “У межах дыстанцыйнага вывучэння геаграфіі — чытаць «Рабінзона Круза» і кнігі Жака Іва Кусто, Янку Маўра і караткевічаву «Чазенію». Па біялогіі — Джэральда Дарэла і Джэймса Хэрыата…” У сеціве ёсць і шыкоўны серыял “Даррэлы”… Было б пазнавальна. І карысна для стварэння новых нейронных сувязей… у бацькоў і дзяцей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ